Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Надзея за кратамі: Папа пра сілу чалавечнасці і прабачэння

Нават сярод турэмных муроў могуць саспяваць унікальныя ў сваёй чалавечнасці ўчынкі, задумы і сустрэчы, калі захоўваюцца прыгажосць пачуццяў, узаемная павага і здольнасць да міласэрнасці і прабачэння, нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV прывітаў удзельнікаў канферэнцыі, якая прайшла 26 сакавіка 2026 года ў італьянскай Вероне з нагоды 15-годдзя дзейнасці фонду “Esodo” (Зыход), які дапамагае зняволеным і былым вязням рэінтэгравацца ў грамадства.

Прыгожыя кветкі на глебе пакут

“Калі нават у цяжкіх умовах захоўваюцца прыгажосць пачуццяў, адчувальнасць, увага да патрэб іншых, павага, здольнасць да міласэрнасці і прабачэння, тады на цвёрдай глебе цярпенняў і граху расквітаюць прыгожыя кветкі, і нават пасярод турэмных муроў саспяваюць унікальныя ў сваёй чалавечнасці ўчынкі, задумы і сустрэчы”, - гаворыцца ў папскім пасланні, скіраваным за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна.

Персаналізаваны падыход

За пятнаццаць гадоў працы фонду каля 5 тысяч чалавек на поўначы Італіі прайшлі персаналізаваныя праграмы, якія спалучаюць прыём, навучанне, працаўладкаванне і адукацыйную падтрымку. Падчас канферэнцыі падкрэслівалася, што ўзровень рэцыдыву злачынстваў сярод удзельнікаў праграм фонду складае каля 14 працэнтаў, а гэта значна ніжэй за сярэднія паказчыкі па краіне.

Адказнасць усяго грамадства

“Пятнаццаць гадоў працы паказваюць нам, што рэінтэграцыя – гэта не толькі сацыяльная праблема, але і адказнасць усяго грамадства”, сказаў ксёндз Энрыка Паярын, старшыня фонду “Esodo”. “За кожнай лічбай стаяць людзі, якім прадставілася магчымасць нанова пабудаваць сваё жыццё дзякуючы сетцы арганізацый, спецыялістаў і валанцёраў, якія вырашылі падтрымаць іх. Інвестыцыі ў рэінтэграцыю азначаюць стварэнне больш справядлівага і бяспечнага грамадства”, - дадаў італьянскі святар.
 

27 сакавіка 2026, 09:56