Святы Айцец: улада павінна выражацца ў служэнні
Аляксандр Панчанка – Vatican News
30 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Муніцыпальнай лігі Ілінойса – аб’яднання прадстаўнікоў мясцовай улады каля 1300 гарадоў і населеных пунктаў на радзіме Папы – у штаце Ілінойс у ЗША.
Быць прыкладам служэння
“Перамога Уваскрослага Пана над смерцю таксама паказвае, што цэнтрам сапраўднай улады з’яўляецца служэнне, бо Езус прыйшоў “не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх”, - нагадаў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што служэнне Хрыста і Яго паслухмянасць волі Айца сталі крыніцай надзеі і міру для ўсяго чалавецтва. “Такім чынам, перамога, што з’яўляецца плёнам ахвяры Хрыста – гэта маяк і выклік для ўсіх нас сёння. Як людзі, на якіх ускладзена адказнасць за кіраванне, вы таксама пакліканы адкрыць для сябе дар служэння і быць яго прыкладам”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы сваіх гасцей быць асабліва ўважлівымі да патрэб самых слабых і ўразлівых членаў грамадства, каб дапамагчы ім дасягнуць поўнага чалавечага развіцця.
Бараніць годнасць людзей
“Для гэтага вы павінны перш за ўсё імкнуцца пазнаць імкненні і цяжкасці людзей. Годнасць кожнай асобы павінна быць прызнана і абаронена, бо вашы гарады – гэта не ананімныя месцы: яны маюць твары і гісторыі, якія трэба зберагаць як каштоўныя скарбы”, - дадаў Леў XIV.
“Я заклікаю вас працягваць слухаць бедных, мігрантаў і найбольш патрабуючых, спрабуючы суправаджаць іх у вашай працы дзеля агульнага дабра на карысць усіх. Такім чынам, кожны з вашых муніцыпалітэтаў зможа стаць месцам сапраўднай сустрэчы паміж усімі грамадзянамі, даючы кожнаму чалавеку магчымасць рэалізаваць сябе”, - заахвоціў Папа.
Углядацца ў прыклад Хрыста
Святы Айцец запэўніў прысутных у малітве і падзякаваў за адданае служэнне. “Працягвайце гэтую важную працу кожны дзень з радасцю, любоўю і руплівасцю, заўсёды памятаючы, што тыя, хто мае ўладу, таксама з’яўляюцца слугамі Бога. У гэтым сэнсе наследаванне Хрыстовай паслухмянасці волі Айца яшчэ больш адкрые вас на сапраўдную дынаміку служэння і дазволіць несці вашым суграмадзянам мір, які прынёс нам Уваскрослы Хрыстус”, - сказаў на заканчэнне прамовы Леў XIV.
