Пошук

Святы Айцец распачаў падарожжа ў Манака

Леў XIV распачаў сваё першае ў гэтым годзе Апостальскае падарожжа. 28 сакавіка 2026 года ён наведае Княства Манака – самую маленькую пасля Ватыкана дзяржаву ў свеце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У 7.22 па рымскім часе Пантыфік вылецеў у кірунку Манака верталётам з ватыканскага геліапорта. Палёт працягваўся каля 1 гадзіны 45 хвілін. За гэты час у паветры было пераадолена каля 500 кіламетраў.

На верталётнай пляцоўцы ў Манака, размешчанай на маляўнічым узбярэжжы Міжземнага мора, Святога Айца прывіталі князь Альберт ІІ і княгіня Шарлен, якіх суправаджала ганаровая варта. Пра прылёт Пантыфіка жыхарам краіны абвясцілі залпы гармат і гук званоў касцёлаў.

З геліапорта Папа адправіўся на аўтамабілі ў сярэднявечны Княжацкі палац, дзе адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання і яго кароткая прыватная сустрэча з князем Альбертам ІІ і членамі княжацкай сям'і.

Падарожжа Льва XIV у Манака праходзіць пад дэвізам “Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14,6). У яго рамках Папа сустрэнецца з жыхарамі краіны, мясцовай каталіцкай супольнасцю, моладдзю і катэхуменамі. Кульмінацыяй аднадзённага візіту стане святая Імша на стадыёне Луі ІІ.

28 сакавіка 2026, 09:16