Адукацыя, злоўжыванні, літургія: пасланне Папы да біскупаў Францыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Святы Айцец азнаёміўся з тэмамі, якія вы збіраецеся разгледзець, і некаторыя з іх выклікалі яго цікавасць”, - гаворыцца ў лісце за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна. У прыватнасці, увагу Льва XIV прыцягнула тэма адукацыі, якая мае першараднае значэнне як для будучыні ўсяго свету, так і для абвяшчэння Евангелля.
Адстойваць каталіцкую адукацыю
Папа адзначыў, што сёння каталіцкія школы часта сутыкаюцца з крытыкай і варожасцю. Ён заклікаў біскупаў рашуча адстойваць каталіцкую адукацыю і захоўваць яе хрысціянскае вымярэнне, якое без спасылак на Хрыста страціла б сэнс свайго існавання. Пры гэтым важна, каб каталіцкія ўстановы былі адкрытымі для ўсіх і паважалі розныя погляды і перакананні кожнага.
Змагацца са злоўжываннямі
Другая важная тэма паслання – барацьба з злоўжываннямі ў адносінах да непаўналетніх і працэс кампенсацыі шкоды, распачаты Касцёлам Францыі. Пантыфік нагадаў пра неабходнасць працы па прадухіленні такіх выпадкаў у будучыні і ўважлівага слухання і падтрымцы ахвяр. Пры гэтым Святы Айцец падкрэсліў, што Божая міласэрнасць павінна распаўсюджвацца на ўсіх, у тым ліку і на тых, хто здзейсніў злачынствы. Святары, вінаватыя ў злоўжываннях, не павінны быць забытыя, з імі трэба працаваць з пастырскай увагай. З іншага боку, пасля цяжкіх крызісных для Касцёла гадоў прыйшоў час рашуча зірнуць у будучыню і падтрымаць французскіх святароў пасланнем падбадзёрвання і даверу.
Шукаць рашэнні па літургіі
Трэцяя тэма, якая прыцягнула ўвагу Папы – гэта літургія, асабліва ў кантэксце росту супольнасцей, якія выкарыстоўваюць традыцыйную лацінскую форму Імшы, вядомую як Vetus Ordo. Ён выказаў занепакоенасць тым, што рознагалоссі вакол літургіі могуць падзяляць вернікаў. Каб вылечыць балючую рану падзелу, неабходны новы погляд, які “дазволіць братам, багатым сваёй разнастайнасцю, вітаць адзін аднаго ў любові і адзінстве веры”, - падкрэсліў Леў XIV. Ён пажадаў біскупам шукаць канкрэтныя рашэнні, якія дазволяць шчодра прыняць людзей, якія любяць старую літургію, і адначасова заставацца вернымі рашэнням Другога Ватыканскага Сабора.
Напрыканцы паслання Папа заклікаў біскупаў Францыі захоўваць стойкасць у веры і смела абвяшчаць Евангелле. Ён нагадаў, што нягледзячы на цяжкія часы, няма недахопу ў знаках надзеі і прысутнасці Бога ў сэрцах людзей.
