Папа: Хрыстус кліча Касцёл да адзінства і абароны чалавека
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасля візіту ветлівасці да князя Альберта ІІ і прывітання жыхароў краіны Леў XIV прыбыў у катэдральны касцёл Беззаганнага Зачацця ў Манака, дзе яго чакалі мясцовы арцыбіскуп, духавенства, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Сустрэча пачалася супольнай малітвай Літургіі гадзін. У гаміліі Пантыфік заклікаў будаваць адзінства, клапаціцца пра чалавека на кожным этапе яго жыцця і спрыяць грамадскай салідарнасці.
Адзінства і адлюстраванне Божай любові
Гаворачы пра заданне будавання адзінства, Папа нагадаў, што Езус Хрыстус, “заступаючыся за чалавецтва перад Айцом, прымірае нас з Ім і паміж сабой”. “Хрыстус не прыйшоў у свет, каб асудзіць, а каб прынесці нам Яго міласэрнасць, якая ачышчае, аздараўляе, пераўтварае і робіць нас часткай адзінай Божай сям’і”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што гэта адзінства павінна прысутнічаць у Касцёле, які пакліканы да адлюстравання ў свеце Божай любові да ўсіх людзей.
Бараніць жыццё на кожным этапе
Папа заўважыў таксама, што Касцёл павінен абараняць людзей і дапамагаць ім зразумець “ўласную тоеснасць, значэнне чалавечага жыцця, каштоўнасць адносін і сацыяльнай салідарнасці, галоўную мэту існавання і лёс гісторыі”. “Абвяшчайце Евангелле жыцця, надзеі і любові; нясіце ўсім святло Евангелля, каб абаранялася і падтрымлівалася жыццё кожнага чалавека ад яго зачацця і да натуральнага завяршэння; прапануйце новыя рашэнні, здольныя спыніць наступ секулярызму, які пагражае ператварыць чалавека ў індывідуаліста і будаваць грамадскае жыццё на вытворчасці багацця”, - сказаў Пантыфік.
Вера, якая прарочыць
Святы Айцец заахвоціў каталіцкую супольнасць Манака пазбягаць рызыкі ператварэння веры ў звычку. “Жывая вера заўсёды прароцкая, яна выклікае пытанне і правакуе: ці сапраўды мы абараняем чалавека? Ці абараняем мы годнасць чалавека, ахоўваючы жыццё на ўсіх яго этапах? Ці сапраўды справядлівая і ўкаранёная ў салідарнасці актуальная эканамічная і сацыяльная мадэль? Ці прасякнута яна этыкай адказнасці, якая дапамагае нам выходзіць па-за “логіку раўназначнага абмену, а таксама прыбытку як адзінай мэты”, каб будаваць больш роўнае грамадства?”, - прапанаваў задумацца Леў XIV.
Трымаць позірк на Хрысце
“Дарагія, калі трымаем позірк на Езусе Хрысце, нашым заступніку перад Айцом, тады нараджаецца вера, укаранёная ў асабістых адносінах з Ім, вера, якая становіцца сведчаннем, здольным перамяняць жыццё і абнаўляць грамадства”, - сцвердзіў Папа.
