Кардынал Жан-Батыст Фам Мінь Ман Кардынал Жан-Батыст Фам Мінь Ман  

Папа: кардынал Фам Мінь Ман – сведка евангельскай прастаты і пакоры

Леў XIV моліцца аб вечным супакоі для в’етнамскага кардынала Жана-Батыста Фам Мінь Мана, арцыбіскупа-эмерыта Хашыміна. Іерарх памёр 22 сакавіка 2026 года ў 92-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“З вялікім сумам даведаўшыся пра смерць кардынала Жана-Батыста Фам Мінь Мана, прашу прыняць мае шчырыя спачуванні, якія я таксама выказваю духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам архідыяцэзіі. Яднаюся з вамі ў даручэнні яго душы бясконцай міласэрнасці Бога, нашага Нябеснага Айца. З удзячнасцю ўспамінаю шматлікія гады адданага святарскага і біскупскага служэння памерлага кардынала мясцовым Касцёлам у Мітхо і Хашыміне, а таксама яго працу на карысць Касцёла ў В’етнаме і Апостальскай Сталіцы”, - гаворыцца ў тэлеграме, якую Папа скіраваў на імя арцыбіскупа Хашыміна Жозэфа Нгуен Нанга.

Пантыфік адзначыў, што служэнне кардынала Фам Мінь Мана “адзначалася глыбокай адданасцю пастырскай апецы і сацыяльнай адказнасці, рашучым прасоўваннем дыялогу і касцельнай еднасці, а таксама сведчаннем жыцця, пражытага ў евангельскай прастаце і пакоры”.

Жан-Батыст Фам Мінь Ман нарадзіўся ў 1934 годзе ў Камау, Французскі Індакітай. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1965 годзе. У 1993 годзе быў прызначаны біскупам-каад’ютарам дыяцэзіі Мітхо, а з 1998 па 2014 год узначальваў архідыяцэзію Хашыміна. У 2003 годзе святы Ян Павел ІІ надаў яму кардынальскую годнасць.

Пасля смерці кардынала Фам Мінь Мана Калегія кардыналаў складаецца з 243 іерархаў, з якіх 121 выбаршык і 122 без права голасу на канклаве.
 

26 сакавіка 2026, 12:00