Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Кардынал Паралін: неадкладна вярнуцца да дыялогу і дыпламатыі

Трэба неадкладна завяршыць дзеянні, якія пагражаюць міру, і вярнуцца да дыялогу і дыпламатыі, бо рызыка эскалацыі міжнародных канфліктаў з’яўляецца рэальнай і блізкай, папярэдзіў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 сакавіка 2026 года найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прыняў удзел у прэзентацыі кнігі італьянскага ватыканіста Ін’яцыа Інграа і айца-аўгустынца Джузэпэ Пагана “Леў XIV. Кім вы лічыце мяне? Я – сын святога Аўгустына” (Leone XIV. Chi dite che io sia? Sono un figlio di Sant’Agostino), якая прайшла ў Палаце дэпутатаў Італіі.

На палях сустрэчы кардынал Паралін паразмаўляў з журналістамі, у тым ліку пра канфлікт на Блізкім Усходзе. Работнікі СМІ спыталіся, якое б пасланне ён скіраваў да ўладаў ЗША і Ізраіля.

“Калі б тут быў Дональд Трамп, я б сказаў яму спыніць усё гэта як мага хутчэй, бо небяспека эскалацыі вельмі блізкая. Я б сказаў пакінуць у спакоі Ліван, і гэта пасланне трэба адрасаваць таксама ізраільцянам”, - падкрэсліў Дзяржсакратар, нагадаўшы пазіцыю Апостальскай Сталіцы адносна таго, што праблемы трэба вырашаць “мірнымі шляхамі, праз дыпламатыю і дыялог”.

Кардынал Паралін адказаў таксама на пытанне пра тое, як яму працуецца з першым амерыканскім Папам у гісторыі. “Вельмі лёгка”, - сказаў ён, дадаючы, што Святы Айцец уважліва слухае, паміж імі ёсць цудоўны дыялог, абмен меркаваннямі і добрыя адносіны. “Слухаць – гэта чын, які мае важнае касцельнае значэнне. Тое, што Папа прыслухоўваецца, – гэта вялікі ўрок для ўсіх, як унутры, так і па-за Касцёлам”, - сказаў ён.

Падчас прэзентацыі кнігі Дзяржсакратар вылучыў тры фундаментальныя рысы, якія характарызуюць Льва XIV. На яго думку, гэта прыхільнасць бяззбройнаму і раззбройваючаму міру; імкненне будаваць адзінства, вядучы дыялог з усімі; і сінадальны стыль.
 

19 сакавіка 2026, 09:38