Прэзідыум Босніі і Герцагавіны наведаў Ватыкан

Адносіны паміж Святым Пасадам і Босніяй і Герцагавінай, унутраная палітычная сітуацыя, а таксама рэгіянальныя і міжнародныя выклікі абмяркоўваліся падчас візіту ў Ватыкан кіраўніцтва гэтай балканскай краіны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 сакавіка 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі членаў Прэзідыума Босніі і Герцагавіны: Жэлька Комшыча, які цяпер займае пасаду старшыні, Дэніса Бечыравіча і Жэльку Цвіянавіч. Затым палітыкі сустрэліся з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас сардэчных размоў у Дзяржаўным сакратарыяце была выказана ўдзячнасць за добрыя двухбаковыя адносіны. Асаблівая ўвага была нададзена неабходнасці інклюзіўнага і канструктыўнага дыялогу для забеспячэння стабільнасці краіны і юрыдычнай і сацыяльнай роўнасці ўсіх народаў, якія яе складаюць.

Бакі закранулі і некаторыя тэмы, звязаныя з рэгіянальнай і міжнароднай сітуацыяй, у тым ліку пытанне міру і бяспекі на Заходніх Балканах, а таксама наступствы канфліктаў, якія працягваюцца ва Украіне і на Блізкім Усходзе, паведаміла ў афіцыйным камюніке Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
 

09 сакавіка 2026, 12:03