Пошук

Каталіцкія іерархі падчас літургіі на Плошчы Святога Каталіцкія іерархі падчас літургіі на Плошчы Святога  (ANSA)

Леў XIV абнавіў склад Дыкастэрыі па справах біскупаў

Леў XIV прызначыў новых чальцоў і пацвердзіў паўнамоцтвы шэрагу кардыналаў, біскупаў і свецкіх асоб у Дыкастэрыі па справах біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод новых прызначэнняў Святога Айца – сястра Сімона Брамбіла, прэфект Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця.

Як паведамляе Зала Друку Святога Пасада, Пантыфік таксама пацвердзіў паўнамоцтвы шэрагу высокіх асоб, сярод якіх Дзяржаўны сакратар кардынал П'етра Паралін і прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.

Спіс асоб, якія працягнуць працу ў гэтай ключавой дыкастэрыі, уключае аўтарытэтных іерархаў з розных частак свету. Сярод іх кардыналы Жуан Брас дэ Авіс, Сержыу да Роша, Блэйз Джозэф Сьюпіч, Андэрс Арбарэліус і Хасэ Адвінкула. Гэты склад адлюстроўвае шырыню і ўніверсальнасць Касцёла ў працэсе адбору кандыдатаў на біскупскае служэнне.

У працы ведамства таксама працягнуць удзельнічаць адказныя за іншыя кірункі курыяльнай працы: кардыналы Клаўдыа Гуджэроці, Віктар Мануэль Фернандэс, Лазарус Ю Хын Сік і Марыё Грэк.

Асаблівую ўвагу прыцягвае пацвярджэнне паўнамоцтваў асоб, якія прадстаўляюць розныя формы хрысціянскага паклікання. У складзе дыкастэрыі застаюцца архіпрэсбітэр папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ кардынал Раландас Макрыцкас, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан сястра Рафаэла Пэтрыні і спадарыня Марыя Лія Дзервіна, старшыня Сусветнага саюза каталіцкіх жаночых арганізацый (World Union of Catholic Women’s Organisations).

Акрамя таго, сваё служэнне ў гэтай важнай для Касцёла структуры Рымскай курыі працягнуць арцыбіскуп Заграба Дражэн Кутлеша, арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Гжэгаж Рысь і абат манастыра святога Паўла па-за Мурамі айцец Даната Ольяры.
 

14 лютага 2026, 12:16