Пошук

Даверыць жыццё Богу: Пантыфік ля грота Лурдскай Маці Божай

Леў XIV сустрэўся 11 лютага 2026 года з хворымі ў Ватыканскіх садах, нагадаўшы пра апеку Марыі і заклікаўшы да малітвы за тых, хто пакутуе, а таксама за медыцынскі персанал, які ім дапамагае.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сённяшні дзень, калі Каталіцкі Касцёл адзначае свята Маці Божай Лурдскай і Сусветны дзень хворых, быў напоўнены асаблівай духоўнай блізкасцю. Пасля завяршэння агульнай аўдыенцыі Папа накіраваўся да грота Маці Божай у Ватыканскіх садах. Гэты жэст стаў жывым працягам яго малітоўнага клопату пра людзей, якія нясуць крыж хваробы.

Пантыфік запаліў свечку перад статуяй Беззаганнай Панны, што сімвалізавала яго салідарнасць з усімі хворымі свету. Звяртаючыся да прысутных, Святы Айцец падкрэсліў, што Марыя з’яўляецца нашай Маці, якая заўсёды суправаджае сваіх дзяцей і адкрывае ім глыбокі сэнс пакут і любові.

Леў XIV падчас сустрэчы  з хворымі ля грота Маці Божай у Ватыканскіх садах
Леў XIV падчас сустрэчы з хворымі ля грота Маці Божай у Ватыканскіх садах   (@Vatican Media)

Леў XIV выказаў шчырую ўдзячнасць вернікам, якія, нягледзячы на фізічныя цяжкасці, прыйшлі да грота для супольнай малітвы. Ён адзначыў, што менавіта праз прыклад Багародзіцы чалавек вучыцца таму, што значыць цалкам перадаць свой лёс у рукі Бога, асабліва ў часы выпрабаванняў.

Напрыканцы сустрэчы Папа папрасіў Бога не толькі за саміх людзей у пакутах, але і за тых, хто знаходзіцца побач з імі ў самыя складаныя хвіліны.

Асаблівую ўвагу Леў XIV удзяліў медыцынскім работнікам. Ён папрасіў Бога за ўсіх дактароў, медсясцёр і асістэнтаў, якія сваёй працай і ведамі служаць хворым. Пасля супольнай малітвы “Вітай, Марыя” Папа ўдзяліў усім прысутным сваё апостальскае благаслаўленне.
 

11 лютага 2026, 15:42