Урок архітэктуры духу: Папа напісаў ліст мадрыдскім святарам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вялікая асамблея, якая сабрала каля 1100 душпастыраў іспанскай сталіцы пад старшынствам кардынала Хасэ Коба, стала пляцоўкай для глыбокага роздуму над будучыняй касцельнага служэння.
Святы Айцец у сваім пасланні адзначыў, што сучасны святар часта працуе ў стане стомленасці і складаных абставін, якія застаюцца непрыкметнымі для свету, але вядомыя Богу. Паводле яго слоў, цяперашні час патрабуе не столькі дыягностаў крызісу, колькі людзей, здольных да глыбокага распазнавання Божай прысутнасці там, дзе яна здаецца невідавочнай.
Аналізуючы культурны кантэкст, Папа звярнуў увагу на прагрэсіўную секулярызацыю і знікненне агульных маральных арыенціраў. Ён падкрэсліў, што Евангелле сёння сустракаецца не проста з абыякавасцю, а з зусім іншым гарызонтам сэнсаў, дзе хрысціянскія паняцці перасталі быць відавочнымі. Тым не менш, менавіта ў гэтым вакууме, асабліва сярод моладзі, нараджаецца новая прага ісціны, паколькі матэрыяльны прагрэс не змог суцешыць чалавечае сэрца.
Выкарыстоўваючы метафару мадрыдскай базілікі, Пантыфік патлумачыў розныя аспекты святарства. Парог храма нагадвае пра неабходнасць “быць у свеце, але не ад свету”, што ўвасабляецца ў цэлібаце і паслухмянасці. Калоны сімвалізуюць сувязь з Апостальскай Традыцыяй і Магістэрыумам, якія засцерагаюць ад пабудовы жыцця на “пяску прыватных інтэрпрэтацый”. Асаблівы акцэнт Пантыфіка зрабіў на споведзі, нагадаўшы іерархам, што яны самі павінны быць першымі “спажыўцамі” той міласэрнасці, якую абвяшчаюць.
Завяршаючы ліст, Леў XIV заклікаў святароў Мадрыда быць людзьмі глыбокай малітвы і адарацыі, бо цэнтрам усяго з’яўляецца алтар і прысутнасць Хрыста ў сакрамэнце. Цытуючы святога Яна Авільскага, Папа пажадаў святарам быць “цалкам Ягонымі” і імкнуцца да святасці, якая з’яўляецца адзіным сапраўдным адказам на выклікі часу.
