Пошук

Леў XIV сустрэўся з калектывам Фларэрыі і Будаўнічага бюро Ватыкана Леў XIV сустрэўся з калектывам Фларэрыі і Будаўнічага бюро Ватыкана  (@VATICAN MEDIA )

Больш чым майстры: Папа пра духоўную місію службаў Ватыкана

Леў XIV сустрэўся з калектывам Фларэрыі і Будаўнічага бюро Ватыкана, каб падзякаваць за іх самаадданую працу, асабліва падчас нядаўняга Юбілейнага года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча Пантыфіка з кіраўнікамі і персаналам гэтых двух важных падраздзяленняў прайшла 8 лютага 2026 года ў Клеменцінскай залі Апостальскага палаца. Папа адзначыў, што менавіта дзякуючы сумесным намаганням гэтых людзей мільёны паломнікаў змаглі з годнасцю і спакоем прайсці праз Святыя дзверы і прыняць удзел у літургіях.

Спецыфіка працы гэтых аддзелаў ахоплівае ўвесь спектр матэрыяльнага жыцця Ватыкана: ад архітэктурнага нагляду да эстэтычнага аздаблення. Будаўнічае бюро (Ufficio Edilizia) адказвае за праектаванне, мантаж і бяспеку ўсіх канструкцый на тэрыторыі Дзяржавы, у той час як Фларэрыя (Floreria) займаецца непасрэднай падрыхтоўкай залаў і плошчаў да цырымоній, уключаючы дэкор, мэблю і знакамітае кветкавае ўпрыгожванне.

Святы Айцец падкрэсліў, што Базіліка Святога Пятра павінна заставацца месцам сузірання і духоўнага захаплення, а плошча перад ёй – сімвалам адкрытасці. Папа заўважыў, што тэхнічнае абслугоўванне і догляд за асяроддзем маюць глыбокі сэнс, бо яны спрыяюць малітве вернікаў і пастырскаму служэнню Касцёла.

Леў XIV заклікаў супрацоўнікаў бачыць у сваіх будзённых абавязках місію і маліцца за тых, хто наведвае ватыканскія святыні. Паводле яго слоў, дзейнасць Фларэрыі і Будаўнічага бюро з’яўляецца “дыскрэтным і каштоўным служэннем” апостальскай місіі Наступніка Пятра.

На заканчэнне Святы Айцец нагадаў, што ўсе супрацоўнікі Губернатарату з’яўляюцца часткай адзінага арганізма, мэта якога – сведчанне Евангелля. Ён удзяліў прысутным і іх сем’ям, якія таксама прыйшлі на аўдыенцыю, сваё благаслаўленне.
 

08 лютага 2026, 11:23