Унікальная Біблія ў Ватыкане: выданне агледзеў Пантыфік
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік меў магчымасць агледзець два тамы Бібліі д’Эстэ ў Апостальскім палацы перад іх вяртаннем у Модэну, дзе яны звычайна захоўваюцца. Біблія, створаная ў XV стагоддзі на замову герцага Модэны, Рэджа і Ферары Борса д’Эстэ, вярнулася ў Ватыкан праз 555 гадоў, хоць і на вельмі кароткі час. Гэта каштоўнае выданне ўпершыню было прывезена ў Базіліку Святога Пятра ў 1471 годзе, калі Павел ІІ надаў Борса д’Эстэ герцагскі тытул.
На знак удзячнасці Льву XIV за візіт у Сенат Італьянскай Рэспублікі, які адбыўся 18 снежня 2025 года з нагоды закрыцця юбілейнай выставы гэтай унікальнай Бібліі, старшыня Сената Іньяцыа Ла Руса – разам з генеральным сакратаром Фэдэрыка Таньята і дырэктарам “Галерэі Эстэнсі” Алесандрай Нэчы – захацеў зноў прывезці гэты шэдэўр у Ватыкан перад тым, як ён вернецца ў месца свайго захавання.
Пасля Паўла ІІ, Пія IX і Яна Паўла II Леў XIV стаў чацвёртым Папам у гісторыі, які дакрануўся да арыгіналу Бібліі д’Эстэ, але першым, хто аглядаў яе ў Ватыкане пасля больш чым паўтысячагоддзя.
“Найпрыгажэйшая кніга ў свеце” багата аздоблена ілюстрацыямі, якія лічацца шэдэўрамі мастацтва мініяцюры. Яна была створана паміж 1455 і 1461 гадамі з выкарыстаннем каштоўных і рэдкіх матэрыялаў, у тым ліку лазарыту, які паходзіць з Афганістана.
