Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Агульнабеларуская навэнна, сустрэча Нунцыя з моладдзю, святкаванні – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе праходзіць пяты дзень Агульнабеларускай навэнны. 7 лютага 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі і ў парафіях архідыяцэзіі адбываюцца набажэнствы ў пяты дзень Агульнабеларускай навэнны, праз якую Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і якая з’яўляецца выразам удзячнасці Богу за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У лютым вернікі моляцца ў інтэнцыі аб пакліканні да святарскага і кансэкраванага жыцця, за тых маладых людзей, якія пачулі ў сваім сэрцы голас паклікання, каб адважна ішлі за Хрыстом, а таксама аб вытрываласці і святасці для ўсіх, хто служыць Хрысту.

Апостальскі нунцый сустрэўся з моладдзю Мінска. Душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арганізавала 5 лютага 2026 года сустрэчу ў катэдральным касцеле, падчас якой прачытаў катэхезу Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Прадстаўнік Папы, вітаючы мінскую моладзь, адзначыў, што знаходзіцца тут "з жаданнем ісці поруч з вамі і разам слухаць, што кажа нам Божае Слова". Ён прачытаў катэхезу на тэму "Не дастасоўвайцеся да ментальнасці гэтага свету" і заклікаў моладзь "не баяцца перамен, бо іх узбуджае Дух; не баяцца навізны, бо яе нараджае Евангелле; не баяцца сінадальнасці, бо гэта стыль еднасці".

У Гродне прайшло святкаванне Дня кансэкраванага жыцця. 4 лютага 2026 года на агульнадыяцэзіяльную сустрэчу сабраліся кансэкраваныя асобы з усяго рэгіёна. Мерапрыемства пачалося з канферэнцыі, затым быў час на індывідуальную адарацыю, а кульмінацыяй святкавання стала Імша, якую цэлебраваў у інтэнцыі кансэкраваных асобаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У гаміліі ён падкрэсліў, што "Касцёл з асаблівай удзячнасцю, пашанай і любоўю глядзіць на тых, хто аддаў усё сваё жыццё Богу без рэшты, без умоваў, без вяртання назад".

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў гадавіну біскупскага пасвячэння наведаў парафію ў Дзераўной. 1 лютага 2026 года арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў Эўхарыстыю ў мясцовай святыні. Пробашч Міхал Бубен у сваёй прамове падкрэсліў асаблівае значэнне прыбыцця іерарха ў дзераўнянскую парафію ў дзень, калі ён адзначае 12-годдзе біскупскага пасвячэння. У прамоўленай гаміліі Мітрапаліт заўважыў, што кожны ахрышчаны з’яўляецца апосталам і мае абавязак, на сваім месцы і у сваім пакліканні, даваць годнае і праўдзівае сведчанне сваёй веры і хрысціянскага стылю жыцця.

У Сапоцкіне прайшоў канцэрт калядных спеваў. 1 лютага 2026 года мясцовая парафія арганізавала мерапрыемства ў супрацоўніцтве з культурна-турыстычным цэнтрам. Канцэрт, які праводзіцца ў Сапоцкіне ўжо некалькі гадоў, сабраў шмат удзельнікаў, ганаровым госцем стаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Ён падзякаваў удзельнікам і адзначыў, што такое мерапрыемства робіць людзей лепшымі, яшчэ больш адкрывае іх на Бога і адзін на аднаго, пажадаў, каб канцэрт натхніў прысутных чыніць дабро, найперш будаваць мір вакол сябе.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

07 лютага 2026, 06:52