Акружыць сябе добрымі людзьмі: дзясятая медытацыя ў Ватыкане
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Прапаведнік заўважыў, што адзін з найбольш вядомых твораў святога Бернарда – трактат “Пра разважанне” (“De consideratione”). Гэты тэкст з’яўляецца асабістым лістом, які Бернард напісаў для свайго сабрата – італьянскага манаха Бернарда дэі Паганэлі, які, ужо будучы святаром Касцёла ў Пізе, у 1138 годзе ўступіў у клервоскі кляштар, а ў 1145 годзе стаў Папам Яўгенам III.
Верныя ў служэнні і прагныя адзінства
Разважаючы над праблемамі Касцёла, Бернард не прапаноўваў інстытуцыйных рашэнняў, але настойліва раіў Яўгену ІІІ акружыць сябе добрымі людзьмі. “Чым лепш будуць кіравацца цэнтральныя структуры Касцёла, тым большую карысць гэта прынясе Касцёлу ва ўсім свеце”, - нагадаў словы святога біскуп Эрык Вардэн.
Святы Бернард пералічваў рысы добрых супрацоўнікаў: яны павінны быць “выпрабаванай святасці, гатовыя да паслухмянасці і ціхай цярплівасці; каталіцкія ў веры, верныя ў служэнні; схільныя да міру і прагныя адзінства; дальнабачныя ў рашэннях, руплівыя ў арганізацыі, сціплыя ў слове”.
Людзі малітвы і сціпласці
Такія людзі “звычайна аддаюцца малітве і ў кожнай справе больш давяраюць ёй, чым уласнай руплівасці або працы. Іх прыход мірны, іх адыход непрыкметны”, - пісаў святы Бернард, дадаючы, што калі Касцёл дзейнічае ў такім духу, ён адлюстроўвае гармонію анёльскай іерархіі і становіцца празрыстым знакам сваёй галоўнай місіі – аддаваць хвалу Богу.
Радуюцца сяброўству з Хрыстом і дзяліцца ім з іншымі
Святы Бернард лічыў, што прэлаты перш за ўсё павінны праз выкананне зямных спраў шукаць Бога, тады “таксама і іх разважанне пра практычныя пытанні будзе асветленае, упарадкаванае, благаслаўлёнае”. “Прэлат павінен быць прынцыповым, святым і стрыманым”, але “таксама павінен быць сябрам Абранніка, радавацца гэтаму сяброўству і дзяліцца ім з іншымі”, - нагадаў словы святога Бернарда прапаведнік.
Удзел у салодкім ярме Хрыста
Біскуп Вардэн заўважыў, што пастырскі абавязак можа здавацца складаным, але варта памятаць, што ён з’яўляецца ўдзелам у салодкім ярме Хрыста. Напрыканцы медытацыі ён нагадаў словы святога Аўгустына: “Нясі свой цяжар да канца. Калі любіш яго, ён будзе лёгкі. Калі ненавідзіш яго, ён будзе цяжкі”.
