Пошук

Молімся разам з Папам: за дзяцей з невылечнымі захворваннямі

Леў XIV заклікае далучыцца да яго малітвы за дзяцей з невылечнымі захворваннямі і іх сем’і. Відэаролік з інтэнцыяй на люты 2026 года распаўсюдзіла Папская сусветная сетка малітвы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец заклікае маліцца разам з ім, “каб дзеці, якія пакутуюць ад невылечных захворванняў, і іх сем’і атрымлівалі неабходную медыцынскую дапамогу і падтрымку і ніколі не гублялі сіл і надзеі”.

У відэароліку, знятым у рамках ініцыятывы “Молімся разам з Папам”, Леў XIV чытае малітву, трымаючы ў руках малюнкі маленькіх пацыентаў педыятрычнай клінікі “Bambino Gesù”, і скіроўвае свае думкі таксама да мільёнаў цяжка хворых дзяцей, іх бацькоў, блізкіх і ўсіх, хто ім дапамагае.

Папа просіць маліцца разам з ім, каб у хворых дзяцей ніколі не было недахопу ў належнай медыцынскай дапамозе, чалавечным і цёплым клопаце, а таксама ў падтрымцы з боку грамадства.

Святы Айцец моліцца за сем’і, каб яны заставаліся непахіснымі “ў надзеі сярод стомленасці і нявызначанасці”, а таксама за “ўрачоў, медсясцёр і работнікаў сферы аховы здароўя, каб іх праца заўсёды была праявай дзейснага спачування”.

“Пане, навучы нас распазнаваць Тваё аблічча ў кожным дзіцяці, якое пакутуе. Няхай іх уразлівасць абудзіць у нас спачуванне і падштурхне клапаціцца, суправаджаць і любіць, здзяйсняючы канкрэтныя ўчынкі салідарнасці”, - сказаў ён.

На завяршэнне Пантыфік таксама заклікае далучыцца да яго малітвы за Касцёл, каб, натхнёны пачуццямі Хрыстовага Сэрца і кіраваны малітвай і служэннем, ён “умеў падтрымліваць слабых і пасярод болю быў крыніцай суцяшэння, зернем надзеі і абвяшчэннем новага жыцця”.
 

05 лютага 2026, 15:00