Пантыфік – карабінерам: служыць сумленна і ў духу Евангелля

13 лютага 2026 года ў Ватыкане адбылася аўдыенцыя Папы для прадстаўнікоў корпуса карабінераў правінцыі Рыма. Святы Айцец падзякаваў ім за службу і падкрэсліў, што вернасць евангельскім каштоўнасцям павінна заставацца арыенцірам у выкананні службовых абавязкаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Вітаючы карабінераў, якія адказваюць за бяспеку ў сталіцы Італіі і яе правінцыі, Папа адзначыў, што Юбілейны год хоць і быў для іх асабліва напружаным, стаў каштоўным досведам як у чалавечым, так і ў прафесійным плане: сведчанне шматлікіх пілігрымаў узбагаціла ўсіх жыхароў Рыма.

Святы Айцец нагадаў пра вытокі хрысціянства ў Рыме, калі Добрая Навіна пра Езуса пачала распаўсюджвацца ў розных асяроддзях, у тым ліку і ў войску. Евангелле прынесла новы лад жыцця і мыслення: разуменне Бога як любові, міласэрнасці і прабачэння, а таксама ідэю братэрства, якое пераадольвае ўсе сацыяльныя і этнічныя адрозненні.

Пантыфік адзначыў, што такія паняцці, як іерархія, камандаванне і паслухмянасць, добра вядомыя вайскоўцам, таксама выкарыстоўваюцца і ў Касцёле, але набываюць новае значэнне дзякуючы навізне Евангелля. На працягу стагоддзяў хрысціянскае пасланне змяняла грамадствы не шляхам гвалтоўнай рэвалюцыі, а шляхам мірнага ўнутранага пераўтварэння, шляхам сумлення і навяртання сэрцаў. Такім чынам сцвярджалася абсалютная павага да жыцця і годнасці чалавека разам з глыбокім пакланеннем Богу.

“Хіба гэта не тое, што можа і павінна адбывацца ў любую эпоху, у тым ліку і ў сучасным свеце і Рыме?” – запытаў Папа, нагадаўшы пра вучэнне Другога Ватыканскага Сабора і сваіх папярэднікаў. Мы пакліканы нанова адкрыць для сябе сутнасць хрысціянскага паслання і ўвасабляць яго ў сучасным, больш складаным свеце, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадаўшы, што “Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі!” (Гбр 13:8).

Леў XIV падзякаваў карабінерам за службу, асабліва ў Ватыкане і Рыме, і пажадаў ім заўсёды несці яе з чыстым сумленнем, застаючыся вернымі прынцыпам карабінераў і Евангеллю.

13 лютага 2026, 12:20