Велікапосныя рэкалекцыі ў Ватыкане Велікапосныя рэкалекцыі ў Ватыкане  (ANSA)

Рэкалекцыі Папы: адкрыць Божую славу, схаваную ў нас

Мы павінны навучыцца цаніць вялізарны патэнцыял, які Бог уклаў у нас, - падкрэсліў біскуп Эрык Вардэн увечары 25 лютага 2026 года ў сёмай медытацыі рэкалецый Папы і Рымскай курыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзякуючы Хрысту ў нас жыве “схаваная слава”, якая, “аднак, можа быць пахаваная пад слаямі цемры, што нагрувашчваюцца і павінны быць знятыя”, - заўважыў нарвежскі іерарх.

Божая задума аб нас бясконца прыгожая

“Касцёл нагадвае людзям пра славу, якая патаемна жыве ў іх. Ён паказвае нам, што пасрэднасць і адчай сучаснасці – не ў апошнюю чаргу з-за нашых пастаянных падзенняў – не абавязкова павінны быць канчатковымі; што Божая задума адносна нас бясконца прыгожая; і што Бог, праз містычнае Цела Хрыста, дасць нам ласку і сілу, калі толькі папросім аб гэтым”, - сцвердзіў біскуп Вардэн.

Ззянне Божай славы ў слабых

Прапаведнік нагадаў, што Касцёл паказвае ззянне “схаванай славы” ў сваіх святых, якія з’яўляюцца “доказам таго, што нават хвароба і прыніжэнне могуць быць прыладамі, якія Божы Провід выкарыстоўвае для спаўнення хвалебнай мэты, даючы сілу слабым і – не задавальняючыся гэтым – робячы іх ззяючымі святымі”.

Схаваная слава ў сакрамэнтах

Біскуп Вардэн падкрэсліў таксама, што Касцёл перадае гэтую “схаваную славу” ў сваіх сакрамэнтах. “Кожны святар, кожны католік ведае святло, якое можа заззяць у канфесіянале, падчас намашчэння, пасвячэння ці сужэнства. А найбольш велічная, і ў пэўным сэнсе найбольш схаваная – гэта слава Святой Эўхарыстыі”, - заўважыў рэкалекцыяніст.
 

26 лютага 2026, 09:28