Пошук

Папа ў Остыі: не мірыцца з культурай гвалту і несправядлівасці

Мужна сеяць добрыя зерні Евангелля, павагу і гармонію, раззбройваючы мову і ўкладаючы сілы і рэсурсы ў выхаванне моладзі, - заклікаў Леў XIV падчас свайго першага пастырскага візіту ў парафію Рымскай дыяцэзіі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

15 лютага 2026 года Пантыфік наведаў парафію Маці Божай Каралевы Супакою ў Остыі – невялікім прыморскім горадзе недалёка ад Рыма. Ён сустрэўся з моладдзю і дзецьмі, пажылымі і хворымі вернікамі, валанцёрамі “Caritas” і членамі парафіяльнай рады.

Божы Закон дае паўнату жыцця і свабоды

Кульмінацыяй візіту стала святая Імша, падчас якой Пантыфік нагадаў, што Бог даў свой Закон людзям не для таго, каб абмежаваць іх, а каб дапамагчы ім знайсці паўнату жыцця і свабоды. Езус паказаў, што шляхам да гэтага з’яўляецца “вернасць Богу, заснаваная на павазе і клопаце пра іншага”, якую трэба ўзрошчваць у сэрцы.

Клапаціцца пра сэрца

“Менавіта там нараджаюцца самыя высакародныя пачуцці, але таксама і самыя балючыя знявагі: закрытасць, зайздрасць, рэўнасць. Таму той, хто дрэнна думае пра брата, жывячы ў сабе кепскія пачуцці да яго, нібыта ўжо забівае яго ў сваім сэрцы. Не выпадкова святы Ян кажа: “Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, той чалавеказабойца”, - нагадаў Пантыфік.

“Якія ж праўдзівыя гэтыя словы! І калі мы асуджаем іншых і пагарджаем імі, давайце памятаць, што зло, якое мы бачым у свеце, мае свае карані менавіта там, дзе сэрца становіцца халодным, жорсткім і бедным на міласэрнасць”, - дадаў ён.

Гвалт існуе і раніць

“Гэта адчуваецца і тут, у Остыі, дзе, на жаль, гвалт таксама існуе і наносіць раны, часам укараняючыся сярод моладзі і падлеткаў, нярэдка падсілкаваны ўжываннем псіхаактыўных рэчываў; або з боку злачынных арганізацый, якія выкарыстоўваюць людзей, уцягваючы іх у свае злачынствы, і пераследуюць несправядлівыя інтарэсы незаконнымі і амаральнымі метадамі”, - заўважыў Папа.

Не мірыцца з культурай гвалту і несправядлівасці

“Перад абліччам гэтых з’яў запрашаю вас, як парафіяльную супольнасць, у еднасці з іншымі арганізацыямі, якія дзейнічаюць у гэтых кварталах, працягваць прысвячаць сябе шчодраму і мужнаму сеянню на вашых вуліцах і ў вашых дамах добрых зерняў Евангелля. Не мірыцеся з культурай гвалту і несправядлівасці. Наадварот, сейце павагу і гармонію, пачынаючы з раззбраення мовы, а затым укладваючы сілы і рэсурсы ў выхаванне, асабліва дзяцей і моладзі”, - заклікаў Святы Айцец.

Пантыфік выказваў пажаданне, каб у парафіі дзеці і моладзь “маглі вучыцца сумленнасці, гасціннасці, любові, якая пераадольвае межы; вучыцца дапамагаць не толькі тым, хто адказвае ўзаемнасцю, і вітацца не толькі з тымі, хто вітаецца, але і выходзіць насустрач усім бескарысліва і свабодна; вучыцца паслядоўнасці паміж верай і жыццём”.

Бог вызваляе сэрца ад зла

“Няхай гэта, дарагія мае, стане мэтай вашых намаганняў і спраў на карысць блізкіх і далёкіх, каб нават тыя, хто зняволены злом, маглі праз вас сустрэць Бога любові – адзінага, хто вызваляе сэрца і робіць па-сапраўднаму шчаслівымі”, - дадаў Папа.

Раззбройваючая сіла лагоднасці

Пантыфік нагадаў, што падчас Першай сусветнай вайны парафію Маці Божай Каралевы Супакою наведаў Бэнэдыкт XV. Святы Айцец заўважыў, што, нягледзячы на адлегласць гэтай падзеі ў часе, “шмат хмараў яшчэ згушчаецца над светам разам з распаўсюджваннем логікі, якая супярэчыць Евангеллю і ўзвышае перавагу мацнейшых, заахвочвае да нахабства і сілкуе спакусу перамогі любой цаной, застаючыся глухой да крыку пакутуючых і безабаронных”.

“Давайце супрацьпаставім гэтай плыні раззбройваючую сілу лагоднасці, працягваючы прасіць аб міры, прымаць і ўзрошчваць яго дар з настойлівасцю і пакорай”, - заклікаў Папа, нагадваючы, што “наш супакой – гэта Хрыстус”. Гэты супакой мы здабываем, калі дазваляем Хрысту заваяваць і перамяніць нас, адкрываючы сэрца Яму і людзям, якіх Ён ставіць на нашым шляху, - адзначыў Пантыфік.
 

15 лютага 2026, 17:35