Пошук

Вокладка кнігі "Супакой вам!" ("Peace Be with You!") Вокладка кнігі "Супакой вам!" ("Peace Be with You!") 

Папа: толькі мірныя сэрцы могуць будаваць мір у свеце

Выйшла ў свет англамоўная версія кнігі “Супакой вам!” (“Peace Be with You!”), прадмову да якой напісаў Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

24 лютага 2026 года ў кнігарнях ЗША і іншых англамоўных краін з’явілася выданне “Супакой вам!”, прысвечанае тэме міру. У прадмове да кнігі, якая выйшла ў выдавецтве HarperCollins, Папа нагадвае, што мір застаецца адным з галоўных выклікаў сучаснасці: гэта адначасова і дар Божы, і адказнасць чалавека.

Святы Айцец адзначае, што мы жывём у свеце, параненым занадта многімі канфліктамі і крывавымі войнамі. Жорсткі нацыяналізм топча правы самых бездапаможных. Папа папярэджвае аб тым, што яшчэ да поля бою мір разбураецца ў чалавечым сэрцы, калі перамагаюць эгаізм, прагнасць і вузкія інтарэсы. “Многія пісьменнікі казалі, што, калі мы адмаўляемся слухаць гісторыі іншых людзей, мы пачынаем пазбаўляць іх годнасці. Дэгуманізацыя іншых – першы крок у любой вайне. Знаёмства з іншымі – гэта прадчуванне міру. Каб сапраўды пазнаць чалавека, трэба спачатку навучыцца любіць. Як казаў святы Аўгустын, “ніхто не можа быць пазнаны інакш як праз сяброўства”, - напісаў Пантыфік.

Два вымярэнні міру

Леў XIV прапануе паразважаць пра мір у двух вымярэннях: вертыкальным – як дар з вышыні, і гарызантальным – як адказнасць кожнага чалавека. Ён нагадвае, што мір – гэта дар, які Бог падарыў людзям усіх часоў праз нараджэнне Езуса ў Бэтлееме. Анёлы абвясцілі пра мір на зямлі, бо Бог стаў чалавекам. Ён настолькі глыбока прыняў чалавецтва, што сваёй ахвярай на крыжы знішчыў варожасць граху. Спаслаўшыся на святога Аўгустына, Папа заўважыў, што і мы станем “крыніцай дадатковай славы Бога ў вышынях”, калі пасля ўваскрасення нашага духоўнага цела будзем узнятыя на аблокі, каб сустрэць Хрыста, - пры ўмове аднак, што тут, на зямлі, мы будзем “з добрай воляй” працаваць дзеля міру. Слава Божая сышла на зямлю, каб зрабіць нас удзельнікамі Яго бясконцай дабрыні. Гэты дар ускладае на нас адказнасць, заклікае да адказу, да “добрай волі”, піша святы Аўгустын.

Мір як штодзённая адказнасць

“Больш за тое, мір – гэта дар, які Уваскрослы падарыў Сваім вучням”, - нагадвае Папа. Гэта мір, паранены распяццем, бо мір Езуса зыходзіць з сэрца, якое любіць і дазваляе ўразіць сябе пакутамі ўсіх часоў і народаў. "Пан з'явіўся Сваім вучням пасля Уваскрасення, як вы чулі, і вітаў іх словамі: "Супакой вам". Гэта сапраўдны супакой і прывітанне збаўлення, бо само слова “прывітанне” (лац. salutatio) паходзіць ад слова “збаўленне” (лац. salus).

Сэрца – галоўнае поле бою

Мір – гэта таксама абавязак і адказнасць кожнага з нас. Мір наступае, калі мы вучым дзяцей паважаць іншых і не здзекавацца з іх падчас гульні. Мір наступае, калі мы пераадольваем сваю ганарлівасць і знаходзім месца для іншых – у сям’і, на працы, у спорце. Мір наступае, калі наша сэрца і жыццё напаўняюцца цішынёй, роздумам і слуханнем Бога, бо Бог ніколі не благаслаўляе гвалт, ніколі не ўхваляе карыстанне іншымі, не падтрымлівае бяздумнае разбурэнне нашай адзінай Зямлі, тварэння, якое з’яўляецца ласкай Творцы, - сцвердзіў Папа.

“Мы можам адчуваць сябе бездапаможнымі перад абліччам шматлікіх войнаў, якія ідуць у свеце. Мы можам па-рознаму рэагаваць на тое, што я назваў "глабалізацыяй бяссілля": вернікі могуць, перш за ўсё, звярнуцца да малітвы. Малітва – гэта “няўзброеная” сіла, якая імкнецца толькі да агульнага дабра, без выключэння. Малітваю мы раззбройваем сваё эга і становімся здольнымі на бескарыслівасць і шчырасць”, - напісаў Леў XIV.

“Больш за тое, наша сэрца – гэта найважнейшае поле бою. Менавіта там мы павінны навучыцца бяскроўнай, але неабходнай перамозе над імпульсамі смерці і імкненнем да панавання. Толькі мірныя сэрцы здольныя будаваць мір ва ўсім свеце. Мы павінны практыкаваць культуру прымірэння, ствараць прасторы ненасілля, дзе падазронасць да іншых можа стаць магчымасцю для сустрэчы. Сэрца – крыніца супакою: там мы павінны навучыцца сустракацца, а не канфліктаваць, давяраць, а не падазраваць, слухаць і разумець, замест таго каб закрывацца для іншых”, – напісаў Святы Айцец.

Напрыканцы прадмовы Папа нагадаў пра адказнасць палітыкаў і міжнароднай супольнасці за пасярэдніцтва ў канфліктах з дапамогай мастацтва дыялогу і дыпламатыі. Ён заклікаў прасіць Айца падарыць нашаму свету, усім людзям, асабліва тым, хто больш за ўсё забыты і хто больш за ўсё пакутуе, благаслаўлёную ласку справядлівага і трывалага міру.

24 лютага 2026, 15:20