Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа на Вялікі пост: устрымацца ад слоў, якія раняць бліжніх

Раззброіць мову, прыслухоўвацца да Божага слова і голасу людзей, якія пакутуюць, перажыць час пакаяння ў духу адзінства, - заклікаў Леў XIV у сваім пасланні на Вялікі пост, які распачнецца ў Касцёле 18 лютага 2026 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Вялікі пост – гэта час, калі Касцёл з мацярынскім клопатам запрашае нас вярнуць таямніцу Бога ў цэнтр нашага жыцця, каб наша вера зноў набыла запал, а сэрца не згубілася сярод штодзённых трывог і таго, што адцягвае нашу ўвагу”, - адзначыў Папа ў пасланні на тэму “Слухаць і пасціць. Вялікі пост як час навяртання”, якое было абнародавана 13 лютага 2026 года ў Ватыкане. ПОЎНЫ ТЭКСТ ПАСЛАННЯ ЛЬВА XIV

Пантыфік падкрэсліў, што “кожны шлях навяртання пачынаецца, калі мы дазваляем Божаму слову дасягнуць нас і прымаем яго з паслухмянасцю духа”. “Таму велікапосны шлях становіцца спрыяльнай нагодай, каб прыслухацца да голасу Пана і аднавіць рашэнне ісці за Хрыстом па шляху, які вядзе ў Ерузалем, дзе спаўняецца таямніца Яго мукі, смерці і ўваскрасення”, - напісаў Святы Айцец.

Слухаць

Леў XIV адзначыў, што сёлета “хацеў бы звярнуць увагу, у першую чаргу, на важнасць стварэння прасторы для Божага слова праз слуханне, бо гатоўнасць слухаць – гэта першы знак, які выяўляе жаданне ўвайсці ў адносіны з іншым”.

Пантыфік нагадаў, што слуханне Божага слова ў літургіі вучыць нас больш ўважліва слухаць рэчаіснасць: “сярод мноства галасоў, якія пранізваюць наша асабістае і сацыяльнае жыццё, Святое Пісанне робіць нас здольнымі распазнаваць голас, якія ўздымаецца ад пакут і несправядлівасці, каб ён не заставаўся без адказу”.

Пасціць

Папа адзначыў, што прыняццю Божага слова спрыяе пост. “Устрыманне ад ежы з’яўляецца старажытнейшым і незаменным практыкаваннем на шляху навяртання. Закранаючы цела, яно робіць больш відавочным тое, чаго мы “прагнем” і што лічым неабходным для нашага існавання”, - нагадаў Леў XIV, адзначаючы таксама, што пост дапамагае ўпарадкаваць “апетыты”, захаваць голад і прагу справядлівасці, ператвараючы іх у малітву і адказнасць за іншага, накіроўвае нашы жаданні да Бога і добрых спраў.

“Аднак, каб пост захоўваў сваю евангельскую праўду і быў пазбаўлены спакусы напаўнення сэрца пыхай, ён павінен заўсёды перажывацца з верай і пакорай”, - папярэдзіў Пантыфік, заклікаўшы практыкаваць таксама іншыя формы адмаўлення, накіраваныя на прыняцце “больш сціплага ладу жыцця”, бо “толькі аскетызм робіць моцным і сапраўдным хрысціянскае жыццё”.

“Таму я хацеў бы запрасіць вас да вельмі канкрэтнай і часта недаацэненай формы ўстрымання, а менавіта да ўстрымання ад слоў, якія ўдараюць і раняць бліжняга. Давайце пачнём раззбройваць мову, адмаўляючыся ад вострых слоў, хуткіх суджэнняў, кепскіх слоў, пра тых, хто адсутнічае і не можа абараніць сябе ад паклёпу. Замест гэтага давайце паспрабуем навучыцца ўзважваць словы і развіваць ветлівасць: у сям’і, коле сяброў, на працоўных месцах, у сацыяльных сетках, палітычных дэбатах, сродках камунікацыі, хрысціянскіх супольнасцях. Тады многія словы нянавісці саступяць месца словам надзеі і міру”, - запэўніў Леў XIV.

Разам

Святы Айцец звярнуў увагу таксама на супольнаснае вымярэнне Вялікага посту. “Нашы парафіі, сем’і, касцельныя групы і манаскія супольнасці пакліканы прайсці ў Вялікі пост супольны шлях, на якім слуханне Божага слова, а таксама воклічу бедных і зямлі, стане формай супольнага жыцця, а пост падтрымае рэальнае пакаянне”, - напісаў Папа.

Спрыяць будаванню цывілізацыі любові

“Дарагія, давайце папросім аб ласцы Вялікага посту, які зробіць наш слых больш уважлівым да Бога і абяздоленых. Давайце папросім аб сіле ўстрымання, што прасяквае таксама і мову, каб было менш слоў, якія раняць, і пашыралася прастора для голасу іншага. І давайце прыкладзём намаганні, каб нашы супольнасці станавіліся месцамі, дзе прымаюць крык тых, хто пакутуе, а слуханне стварае шляхі вызвалення, робячы нас больш гатовымі з руплівасцю будаваць цывілізацыю любові”, - завяршыў Леў XIV сваё пасланне на Вялікі пост.
 

13 лютага 2026, 12:00