Братэрства ў дзеянні: Папа прывітаў лаўрэатаў Прэміі Заіда
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім першым звароце з нагоды гэтага дня, які супадае з сёмай гадавінай гістарычнага дакумента, падпісанага ў Абу-Дабі, Леў XIV адзначыў, што братэрства не з’яўляецца далёкім ідэалам або "састарэлай утопіяй".
Пантыфік нагадаў, што першай ахвярай кожнай вайны становіцца прыроджанае пакліканне чалавечай сям’і да адзінства. Паводле яго слоў, сённяшні свет патрабуе не тэорый, а канкрэтных учынкаў павагі, спачування і ўзаемнай прыналежнасці, якія здольныя аздаравіць нават самыя глыбокія падзелы.
Ад слоў да канкрэтных учынкаў
Леў XIV асабліва падкрэсліў, што "слоў недастаткова", і заклікаў вернікаў ператвараць свае перакананні ў штодзённую практыку міласэрнасці. У сваім пасланні ён спаслаўся на апостальскую адгартацыю "Dilexi Te", адзначыўшы, што без практычных праяў любові нават самыя запаветныя надзеі і памкненні чалавецтва паступова згасаюць.
Лаўрэаты як сейбіты надзеі
Цэнтральнай падзеяй дня стала ўручэнне “Прэміі Заіда за чалавечае братэрства”. Сёлета высокай узнагароды ўдастоены Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, актывістка Зарка Яфталі і палесцінская арганізацыя "Taawon".
Пантыфік назваў іх "сейбітамі надзеі", якія ў свеце, што будуе сцены замест мастоў, выбралі патрабавальны шлях салідарнасці. Гэты выбар сведчыць аб тым, што святло братэрства можа перамагчы цемру братазабойства.
Супольны шлях да будучыні
Пантыфік выказаў удзячнасць Прэзідэнту Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Шэйху Махамеду бін Заіду Аль Нахаяну за нязменную падтрымку гэтай ініцыятывы.
Завяршаючы пасланне, Святы Айцец заклікаў грамадства працаваць над тым, каб "іншы" больш не ўспрымаўся як чужынец або пагроза, а быў прызнаны братам ці сястрой. "Няхай Бог, Айцец усіх, благаславіць кожнага з вас і ўсё чалавецтва", - падсумаваў Леў XIV.
