Папа разглядае магчымасць візіту ў Княства Манака ў сакавіку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Зала Друку Святога Пасада пацвердзіла журналістам, што цяпер актыўна вывучаецца магчымасць кароткага візіту Пантыфіка ў невялікую дзяржаву на Лазурным беразе.
Гэтая паездка, калі яна будзе канчаткова зацверджана, стане другім замежным падарожжам Льва XIV за час яго пантыфікату. Нагадаем, што сваё першае паломніцтва па-за межы Італіі Папа здзейсніў у Турцыю і Ліван напрыканцы 2025 года.
Падчас вяртання з папярэдняга падарожжа ў снежні 2025 года, Папа дзяліўся сваімі марамі аб будучых маршрутах. Ён згадваў Алжыр, каб наведаць мясціны, звязаныя са святым Аўгустынам і паглыбіць дыялог з мусульманскім светам, а таксама выказваў жаданне пабываць у Лацінскай Амерыцы – у прыватнасці, у Аргенціне, Уругваі і Перу.
Падмуркам для магчымага візіту ў Манака стала нядаўняя сустрэча ў Ватыкане. 17 студзеня 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі князя Манака Альберта II. Тады бакі адзначылі выдатны стан двухбаковых адносін і значны ўклад Касцёла ў сацыяльнае жыццё Княства.
