Леў XIV падчас сустрэчы з іспанскімі семінарыстамі Леў XIV падчас сустрэчы з іспанскімі семінарыстамі  (@VATICAN MEDIA)

Папа іспанскім семінарыстам: жывіце Богам, а не звычкай

Леў XIV сустрэўся 28 лютага 2026 года ў Ватыкане з супольнасцямі чатырох іспанскіх семінарый, заклікаўшы будучых святароў захоўваць жывую сувязь з Богам і пазбягаць фармалізму ў служэнні.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Сустрэча з семінарыстамі з Алькала-дэ-Энарэс, Таледа, Каталоніі і Картахены стала для Пантыфіка выдатнай нагодай паразважаць над сутнасцю падрыхтоўкі да святарства.

Звяртаючыся да будучых душпастыраў, Святы Айцец падкрэсліў, што семінарыя заўсёды з’яўляецца знакам надзеі для Касцёла. Галоўнай тэмай прамовы стаў заклік да “звышнатуральнага позірку” на рэчаіснасць, без якога жыццё верніка губляе свой сапраўдны сэнс.

Небяспека “ненатуральнага” жыцця

Цытуючы Гілберта Кійта Чэстэртана, Леў XIV заўважыў: “Прыбярыце звышнатуральнае, і вы знойдзеце не натуральнае, а ненатуральнае”. Пантыфік папярэдзіў, што найбольшая небяспека для семінарыста ці святара – гэта звыкнуцца з Божымі справамі, не жывучы самім Богам. Жыццё пачынае разбурацца знутры, калі адносіны з Створцам становяцца толькі словамі, а не часткай штодзённасці.

Папская аўдыенцыя для семінарыстаў з Іспаніі
Папская аўдыенцыя для семінарыстаў з Іспаніі   (@VATICAN MEDIA)

Пантыфік параўнаў чалавека, які страціў духоўную глыбіню, з дрэвам, што “памірае стоячы”. Такое дрэва захоўвае вонкавы выгляд, але ўнутры яно ўжо сухое. Гэта можа здарыцца і ў святарскім жыцці, калі захапленне інтэнсіўнай дзейнасцю ці знешнімі формамі замяняе сапраўдную плоднасць, якая нараджаецца толькі з глыбокага ўкаранення ў Хрысце.

Быць з Настаўнікам – аснова паклікання

Святы Айцец нагадаў, што Езус паклікаў вучняў у першую чаргу для таго, каб яны “былі з Ім”. Гэта і ёсць фундамент любой падрыхтоўкі да святарства – дазваляць Духу Святому фарміраваць сэрца праз штодзённую прысутнасць Бога. Хоць чалавечыя сродкі, такія як псіхалогія ці адукацыя, важныя, яны не могуць замяніць гэтых жывых адносін.

Завяршаючы сустрэчу, Папа падзякаваў семінарыстам за іх велікадушнасць і рашэнне ісці за Хрыстом. Ён запэўніў іх, што яны не адны на гэтым шляху: Боскі Настаўнік ідзе наперадзе, Марыя суправаджае, а ўвесь Касцёл падтрымлівае іх сваёй малітвай.

Пантыфік заклікаў будучых душпастыраў рухацца наперад з мірам і вернасцю, заўсёды шукаючы Бога ў простым і будзённым.

Падчас сустрэчы Папы з іспанскімі семінарыстамі
Падчас сустрэчы Папы з іспанскімі семінарыстамі   (@VATICAN MEDIA)
28 лютага 2026, 11:50