Ад Папяльца да Уваскрасення: расклад цэлебрацый Льва XIV
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Служба папскіх літургічных цэлебрацый прадставіла падрабязны план дзейнасці Пантыфіка, які ахоплівае самы важны перыяд касцельнага года.
Духоўны шлях Папы распачнецца 15 лютага 2026 года з візіту ў парафію Маці Божай Каралевы Міру ў Остыя Ліда, а ўжо 18 лютага ў 16.30 ён узначаліць пакаянную працэсію з касцёла святога Анзэльма і Імшу ў Папялец у базіліцы святой Сабіны.
Асаблівым часам засяроджанасці стануць духоўныя практыкаванні для Папы і Рымскай курыі, якія пройдуць у Апостальскім палацы з 22 па 27 лютага, забяспечваючы неабходную паўзу для малітвы і рэфлексіі.
На працягу сакавіка Пантыфік працягне наведванне рымскіх супольнасцей, у тым ліку парафій Унебаўшэсця Пана і Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, што падкрэслівае яго блізкасць да вернікаў.
Кульмінацыяй літургічнага года стануць падзеі Велікоднага Трыдуума: 2 красавіка ў 9.30 Пантыфік узначаліць Імшу Хрызма, а ў 17.30 - Імшу Вячэры Пана ў Базіліцы Святога Яна на Латэране.
У Вялікую пятніцу, 3 красавіка, свет будзе сачыць за Літургіяй Мукі Пана, якая пройдзе ў ватыканскай базіліцы ў 17.00, і вечаровым Крыжовым шляхам у Калізеі ў 21.15.
Урачыстасці завершацца Пасхальнай вігіліяй 4 красавіка ў 21.00 і велікоднай святой Імшой 5 красавіка, пасля якой апоўдні прагучыць традыцыйнае велікоднае пасланне і благаслаўленне “Urbi et Orbi”.
