Больш за перамогу: пасланне Пантыфіка да Алімпіяды-2026
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім звароце Святы Айцец падкрэслівае, што спартыўная практыка з'яўляецца універсальным выражэннем чалавечага духу, здольным аб'ядноўваць людзей па-за межамі культур і моў.
Папа асабліва настойвае на абнаўленні старажытнай традыцыі "Алімпійскага перамір'я", называючы яго сімвалам і прароцтвам прыміранага свету, які так патрэбны сучаснаму чалавецтву, стомленаму ад насілля і канфліктаў.
Хрысціянскі позірк на спорт ставіць у цэнтр годнасць асобы, а не лічбы на табло або фінансавыя прыбыткі
Пантыфік перасцерагае ад "дыктатуры выніку" і празмернай камерцыялізацыі, якія ператвараюць атлетаў у тавар і забіваюць сапраўдную радасць гульні. Паводле яго слоў, спорт павінен заставацца школай цнотаў, дзе чалавек вучыцца прымаць свае абмежаванні, паважаць саперніка і разумець, што сапраўднае "жыццё ў багацці" нараджаецца з супольнага руху наперад, а не з перамогі любой цаной.
Асаблівую ўвагу Леў XIV удзяляе ролі трэнераў і выхавацеляў, якія павінны ствараць у камандах атмасферу любові і падтрымкі. Ён нагадвае пра прыклад святых, такіх як П’ер Джорджа Фрасаці, які ўмеў гарманічна спалучаць малітву, грамадскае служэнне і захапленне альпінізмам.
Спорт, як адзначае Папа, – гэта "сучасны арэапаг", дзе Касцёл пакліканы быць прысутным, каб суправаджаць моладзь і сведчыць аб прыгажосці чалавечых адносін.
Тэхналагічны прагрэс і штучны інтэлект не павінны замяняць жывое чалавечае намаганне і сапраўдную сустрэчу
У заключнай частцы паслання Святы Айцец аналізуе небяспеку трансгуманізму – імкнення "палепшыць" цела з дапамогай тэхналогій па-за межамі натуральных магчымасцей. Папа падкрэслівае, што калі тэхніка пачынае не служыць асобе, а перавызначаць яе, спорт ператвараецца ў лабараторыю. У такім выпадку губляецца сімвалічнае значэнне жывога чалавечага высілку, які з'яўляецца не проста механічнай працай, а праявай волі і духу.
Пантыфік таксама звяртае ўвагу на празмерную "гейміфікацыю" – перанос логікі відэагульняў у рэальны спорт. Гэта вядзе да таго, што жывы вопыт, поўны непрадказальнасці, замяняецца лічбавай сімуляцыяй і алгарытмамі.
Леў XIV заклікае вярнуць спорту яго "ўвасоблены" характар, дзе галоўным застаецца рэальнае чалавечае цела і канкрэтная сустрэча паміж асобамі, а не ідэальна пралічаны тэхнічны паказчык.
