BURKINA-CONFLICT-UNREST-DISPLACED

Пантыфік рэфармаваў касцельны фонд дапамогі народам Афрыкі

Леў XIV зацвердзіў абноўлены Статут Фонду “Ян Павел II для Сахеля”, прывёўшы яго прававы статус у адпаведнасць з сучаснымі нормамі Рымскай курыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рашэнне Пантыфіка, аформленае ў выглядзе “Rescriptum ex Audientia”, было прынята падчас аўдыенцыі для кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна 29 студзеня 2026 года.

Неабходнасць змен была абумоўлена патрабаваннем упарадкаваць кананічны статус Фонду як інструментальнай юрыдычнай асобы, падпарадкаванай Дыкастэрыі па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека. Абноўлены дакумент гарманізуе дзейнасць арганізацыі з агульнымі правіламі кіравання маёмасцю Апостальскай Сталіцы.

Фонд “Ян Павел II для Сахеля”, заснаваны ў 1984 годзе, працягвае сваю місію ў дзевяці краінах рэгіёна, уключаючы Буркіна-Фасо, Сенегал і Нігер. Яго галоўная мэта застаецца нязменнай – падрыхтоўка спецыялістаў для барацьбы з апустыньваннем і аказанне дапамогі ахвярам засухі без ніякай дыскрымінацыі.

Згодна з новымі правіламі, Фонд кіруецца Радай дырэктараў, у якую ўваходзяць дзевяць біскупаў, прызначаных мясцовымі епіскапатамі на пяцігадовы тэрмін. Папа пацвердзіў, што сродкі арганізацыі будуць папаўняцца за кошт збораў па ўсім каталіцкім свеце, а таксама праз ахвяраванні і інвестыцыі.

Гэтая юрыдычная “перабудова” заклікана зрабіць дапамогу афрыканскім братам больш эфектыўнай і празрыстай, захоўваючы дух салідарнасці, які быў закладзены пры стварэнні Фонду больш за сорак гадоў таму.
 

05 лютага 2026, 12:11