Леў XIV перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай падчас Імшы ў ватыканскай базіліцы Леў XIV перад абразом Маці Божай Гвадэлупскай падчас Імшы ў ватыканскай базіліцы   (ANSA)

Гвадэлупа як знак: Леў XIV пра “дасканалую інкультурацыю” веры

У пасланні да тэолагаў Леў XIV падкрэсліў, што Гвадэлупская падзея – гэта не проста гісторыя, а вечны крытэрый місіі Касцёла, які павінен не навязваць веру, а апладняць ёй жыццё.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Інкультурацыя веры – гэта не проста душпастырская стратэгія, а неабходная ўмова місіі Касцёла, якая бярэ пачатак у таямніцы Уцелаўлення Хрыста.

У сваім звароце да ўдзельнікаў Тэалагічна-душпастырскага кангрэсу, прысвечанага Гвадэлупскай падзеі, Папа падкрэсліў, што Бог заўсёды прамаўляе да чалавека праз яго канкрэтную гісторыю, мову і сімвалы. Святы Айцец адзначыў, што Дзева Марыя з Тэпеяка стала “зоркай новай евангелізацыі”, якая прапануе Добрую Навіну Хрыста без насілля і прымусу.

Паміж павагай і перамяненнем

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што сапраўдная інкультурацыя не азначае сляпога прыняцця ўсіх культурных практык або сакралізацыі кожнага звычаю. Гэта патрабавальны працэс ачышчэння, дзе Евангелле прызнае “насенне Слова”, якое ўжо прысутнічае ў культуры, але адначасова вызваляе і ўзвышае яе сапраўдныя каштоўнасці.

Маці Божая Гвадэлупская не абсалютызуе культуру, але прымае яе і перамяняе, ствараючы прастору для сустрэчы з Жывым Богам.

Паводле слоў Льва XIV, падзеі на пагорку Тэпеяк з’яўляюцца пастаянным крытэрыем для Касцёла: абвяшчаць Праўду так, каб яна была зразумелай, але пры гэтым не размываць радыкальную навізну Хрыстовай прысутнасці. Гэта асабліва важна ў сучасных мегаполісах і плюралістычных грамадствах, дзе вера часта выціскаецца ў прыватную сферу.

Шлях сталасці і вучнёўства

На заканчэнне паслання Папа заклікаў разглядаць перадачу веры не як фармальную падрыхтоўку да сакрамэнтаў, а як сапраўдны шлях вучнёўства. Ён падкрэсліў прыярытэт катэхізацыі, якая павінна фарміраваць вернікаў, здольных даваць справаздачу ў сваёй надзеі і жыць паводле Евангелля нават насуперак пануючым культурным плыням.

Сённяшнія хрысціяне пакліканы ісці ўслед за вялікімі евангелізатарамі Амерыкі, якія не баяліся сведчыць пра Хрыста ў складаных умовах свайго часу.

Пасланне завяршаецца заклікам даручыць усе ініцыятывы па падрыхтоўцы да 500-годдзя аб’яўлення Маці Божай Гвадэлупскай яе матчынай апецы. Папа заклікаў вернікаў чэрпаць натхненне ў прыкладзе святых, такіх як Хуан Дыега і шматлікія місіянеры, якія заклалі падмурак хрысціянства на кантыненце.
 

25 лютага 2026, 09:18