Падчас папскай аўдыенцыі для прадстаўнікоў каталіцкага апостальства “Courage International” Падчас папскай аўдыенцыі для прадстаўнікоў каталіцкага апостальства “Courage International”  (@Vatican Media)

Папа прыняў прадстаўнікоў апостальства для гомасексуальных асоб

Прадстаўнікі каталіцкага апостальства “Courage International”, якое дапамагае людзям з гомасексуальнымі схільнасцямі жыць у чысціні, сустрэліся 6 лютага 2026 года з Львом XIV.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта была першая ў гісторыі папская аўдыенцыя для чальцоў гэтай арганізацыі, якая ўжо 45 гадоў дзейнічае ў згодзе з вучэннем Касцёла. Удзельнікі сустрэчы, сярод якіх быў біскуп Фрэнк Каджана, выказалі глыбокую ўдзячнасць Пантыфіку за падтрымку іх місіі і тое супакаенне, якое гэтая падзея прынесла ўсёй супольнасці. Прадстаўнікі апостальства змаглі падзяліцца сваім вопытам душпастырскага суправаджэння людзей і іх сем’яў.

Падчас размовы Леў XIV падкрэсліў, што сапраўдная свабода палягае ў панаванні над сваімі схільнасцямі і поўнай адданасці Божай волі. Паводле слоў дырэктара “Courage” ксяндза Браяна Ганана, Папа нагадаў прысутным, што Езус заўсёды побач і яны ніколі не будуць адзінокімі ў сваім імкненні да святасці.

Прадстаўнікі каталіцкага апостальства “Courage International” у Папы
Прадстаўнікі каталіцкага апостальства “Courage International” у Папы   (@Vatican Media)

Удзельнікі абмеркавалі вызваленчую моц чысціні, здольнай аздараўляць і абнаўляць чалавечую асобу. Апостальства, заснаванае ў 1980 годзе ў Нью-Ёрку, сёння аб’ядноўвае вернікаў у больш чым дзесяці краінах свету, грунтуючы сваю працу на малітве і ўзаемнай падтрымцы. Дзейнасць супольнасці абапіраецца на пяць духоўных стаўпоў, сярод якіх малітва, самаахвярнасць і добры прыклад.

Сярод нябесных апекуноў арганізацыі – святыя Карл Лванга, Аўгустын, Моніка і Марыя Магдалена. Прызнанне з боку Апостальскай Сталіцы яшчэ ў 1994 годзе і цяперашняя сустрэча з Папам пацвярджаюць важнасць місіі “Courage International” у сучасным Касцёле. Чальцы апостальства імкнуцца жыць “праўдай у любові”, сведчачы аб тым, што шлях чысціні адкрыты для кожнага, хто шукае Бога.
 

10 лютага 2026, 12:02