Падчас папскай аўдыенцыі для Камітэта ініцыятывы “From Crisis to Care: Catholic Action for Children” Падчас папскай аўдыенцыі для Камітэта ініцыятывы “From Crisis to Care: Catholic Action for Children”   (@VATICAN MEDIA)

Будучыня для дзяцей: Леў XIV сустрэўся з каталіцкімі актывістамі

Леў XIV сустрэўся з арганізатарамі каталіцкай ініцыятывы ў абарону дзяцей, заклікаўшы свет перайсці ад абыякавасці да рэальнага клопату пра “малых” гэтага свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча з Камітэтам ініцыятывы “From Crisis to Care: Catholic Action for Children” (Ад крызісу да клопату: каталіцкая акцыя ў падтрымку дзяцей) адбылася ў Ватыкане 5 лютага 2026 года.

Папа адзначыў, што сітуацыя з правамі дзіцяці ў свеце за апошні год не палепшылася, што выклікае глыбокую занепакоенасць. Ён назваў трагедыяй тое, што мільёны дзяцей па-ранейшаму пакутуюць ад галечы, насілля і адсутнасці адукацыі.

Пантыфік падкрэсліў фундаментальнае права кожнага дзіцяці на любоў маці і бацькі, спаслаўшыся на вучэнне свайго папярэдніка Францішка. Леў XIV назваў “ганебным” тое, што дзяржаўныя рэсурсы часта накіроўваюцца на прыгнёт жыцця, а не на падтрымку маці і сем’яў.

Падчас аўдыенцыі для Камітэта ініцыятывы “From Crisis to Care: Catholic Action for Children”
Падчас аўдыенцыі для Камітэта ініцыятывы “From Crisis to Care: Catholic Action for Children”   (@Vatican Media)

Звяртаючыся да актывістаў, Папа заклікаў іх быць “голасам тых, хто не мае голасу”, і не паддавацца пачуццю безнадзейнасці. Гэта місія патрабуе стойкасці, нават калі грамадства праяўляе адсутнасць цікавасці да лёсу дзяцей, якія апынуліся ў крызісе. Кожная ініцыятыва, паводле слоў Пантыфіка, павінна быць прасякнута глыбокім разуменнем жыцця як каштоўнага дару.

Леў XIV таксама звярнуў увагу на неабходнасць комплекснага падыходу, які ўлічвае фізічныя, псіхалагічныя і духоўныя патрэбы дзіцяці. Ён заклікаў розныя касцельныя структуры, уключаючы Дыкастэрыю па спрыянні інтэгральнаму развіццю чалавека, працаваць у большай гармоніі дзеля агульнай мэты.

На заканчэнне Папа працытаваў ліст дзяцей да Папы Францішка, у якім яны выказваюць мару аб будучыні, напоўненай сяброўствам і павагай. Ён папрасіў Божага благаслаўлення для ўсіх, хто дапамагае гэтым марам стаць рэальнасцю, і даверыў іх працу заступніцтву Багародзіцы.
 

05 лютага 2026, 14:05