Пошук

На Плошчы Святога Пятра На Плошчы Святога Пятра  (@Vatican Media)

Папа вітае беларусаў і заклікае свет да міру і братэрства

Леў XIV прывітаў пілігрымаў з Беларусі, заклікаў да выкаранення сучаснага рабства і падкрэсліў, што ваенныя стратэгіі не маюць будучыні ў параўнанні з братэрствам народаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод шматлікіх вернікаў, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра 8 лютага 2026 года, Святы Айца асабліва цёпла прывітаў групы пілігрымаў з Беларусі, Літвы і Латвіі.

Звяртаючыся да гасцей і жыхароў Рыма, Папа заклікаў свет да глыбокай малітвы за мір, падкрэсліваючы, што гісторыя ўжо даказала марнасць спадзяванняў на сілу. Паводле яго слоў, стратэгіі эканамічнай і ваеннай магутнасці не здольныя забяспечыць чалавецтву трывалую будучыню – яна будуецца выключна на павазе і братэрстве.

Ад беатыфікацыі ў Іспаніі да трагедый у Нігерыі

Узгадваючы жыццёвы шлях Сальваторэ Валеры Пары, абвешчанага ўчора, 7 лютага 2026 года, у Іспаніі бласлаўлёным, Леў XIV назваў яго прыкладам "душпастырскай любові". Пантыфік адзначыў, што гэты сціплы пробашч быў цалкам адданы свайму народу. Яго асоба павінна натхняць сучасных святароў на вернасць у штодзённым служэнні, якое вызначаецца прастатой і евангельскай стрыманасцю.

Адначасова з гэтым Пантыфік выказаў глыбокі боль з прычыны нападаў на хрысціянскія супольнасці ў Нігерыі, дзе тэрарызм забраў жыццё мноства людзей. Ён заклікаў улады краіны нястомна працаваць над бяспекай і абаронай кожнага чалавека.

Годнасць як пачатак спакою і салідарнасць з пацярпелымі

У Сусветны дзень малітвы і разважанняў супраць гандлю людзьмі Папа падзякаваў усім, хто змагаецца з сучасным рабствам. Леў XIV нагадаў, што менавіта ў пашане да чалавечай годнасці нараджаецца сапраўдны спакой.

На заканчэнне Пантыфік даверыў мацярынскай апецы Панны Марыі жыхароў Партугаліі, Марока, Іспаніі і поўдня Італіі, якія сутыкнуліся з разбуральнымі паводкамі і апоўзнямі. Ён заахвоціў гэтыя народы заставацца адзінымі і салідарнымі перад тварам выпрабаванняў.
 

08 лютага 2026, 12:39