Наступствы расійскага ўдару па жылым доме ў Кіеве Наступствы расійскага ўдару па жылым доме ў Кіеве  (ANSA)

Папа: дапамагчы жыхарам Украіны і спыніць гонку ўзбраенняў

Леў XIV нагадаў пра драматычную сітуацыю жыхароў Украіны і заклікаў дапамагаць ім. Ён таксама заахвоціў спыніць гонку ўзбраенняў паміж ЗША і Расіяй.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Заклікаю ўсіх падтрымліваць малітвай нашых братоў і сясцёр ва Украіне, якія моцна церпяць ад наступстваў бамбардзіровак, што зноў накіраваны таксама на энергетычную інфраструктуру. Выказваю ўдзячнасць за ініцыятывы салідарнасці, распачатыя ў каталіцкіх дыяцэзіях Польшчы і іншых краін, каб дапамагчы насельніцтву вытрываць у гэты час моцных маразоў”, - сказаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 4 лютага 2026 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Пантыфік заўважыў таксама, што 5 лютага 2026 года заканчваецца тэрмін дзеяння Дагавора аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (New START), падпісанага ў 2010 годзе прэзідэнтамі Злучаных Штатаў Амерыкі і Расійскай Федэрацыі, “які стаў значным крокам у стрымліванні распаўсюджвання ядзернай зброі”.

“Аднаўляючы маё заахвочванне да ўсякіх канструктыўных высілкаў на карысць раззбраення і ўзаемнага даверу, я настойліва заклікаю не адмаўляцца ад гэтага інструмента, не паспрабаваўшы забяспечыць яму канкрэтны і эфектыўны працяг. Актуальная сітуацыя патрабуе зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць новую гонку ўзбраенняў, якая яшчэ больш пагражае міру паміж народамі. Як ніколі раней з’яўляецца тэрміновай патрэба замяніць логіку страху і недаверу супольнай этыкай, здольнай накіроўваць рашэнні ў бок агульнага дабра і зрабіць мір спадчынай, якую захоўваюць усе”, - сцвердзіў Святы Айцец.
 

04 лютага 2026, 11:24