Папа: плён духоўнага росту – увага да патрэб людзей і служэнне

Пантыфік заклікаў валанцёраў паглыбляць малітоўнае жыццё, быць сведкамі евангельскіх каштоўнасцяў і захоўваць увагу да актуальных патрэб людзей, творча адказваючы на іх.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

14 лютага 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю найбуйнейшай у Італіі валанцёрскай канфедэрацыі “Misericordie”, якая дзейнічае з 1899 года і налічвае каля 670 тысяч членаў. Пантыфік адзначыў, што карані гэтага аб’яднання сягаюць у сярэднявечча і ўвасабляюць тры важныя вымярэнні свецкага хрысціянскага жыцця: духоўнасць, міласэрную любоў і ўвагу да актуальных патрэб.

Вернасць сакрамэнтам

Папа пажадаў, каб члены валанцёрскага аб’яднання заўсёды паглыблялі сваё духоўнае жыццё праз малітву, катэхізацыю і вернасць сакрамэнтам – асабліва нядзельнай святой Імшы і споведзі. Ён таксама падкрэсліў, што іх маральныя выбары і лад жыцця павінны адпавядаць евангельскім каштоўнасцям і традыцыям канфедэрацыі.

Леў XIV нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ: “Рэгулярны ўдзел у сакрамэнтах зробіць вас радаснымі сведкамі сапраўднага хрысціянскага жыцця і падтрымае на шляху наследавання Пана жыцця, які праз вас хоча паказаць сучаснаму свету, людзям нашага цудоўнага і неспакойнага часу, сапраўднае аблічча Бога, багатае міласэрнасцю”.

Дух адзінства

Пантыфік таксама адзначыў, што сапраўднае жыццё верай не можа абмяжоўвацца “неўцелаўлёным спірытуалізмам”, а абавязкова праяўляецца ў адчувальнасці да патрэб іншых і ахвярным служэнні. Ён падзякаваў членам арганізацыі за іх прысутнасць у розных складаных кантэкстах і заклікаў служыць у духу адзінства, дзякуючы Богу за дары іншых людзей і успрымаючы іх як спадарожнікаў на шляху да святасці.

Увага да актуальных патрэб

Святы Айцец падкрэсліў, што моцная духоўная і супольнасная аснова, а таксама руплівы клопат пра дабро бліжняга дазваляюць членам арганізацыі дзейнічаць свабодна і крэатыўна. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на разнастайныя актуальныя ініцыятывы аб’яднання, сярод якіх – прасоўванне культуры донарства і навучанне дзяцей дабрачыннасці.

Надзея, любоў і мір у сэрцах

Напрыканцы прамовы Леў XIV заклікаў членаў “Misericordie” заставацца супольнасцю, у якой глыбока жывуць верай і практыкуюць міласэрную любоў. “Імкніцеся да духоўнага росту і служэння з радасцю і прастатой, будучы свабоднымі ад усякай прагі ўлады, прысвячаючы сябе хвале Бога і дабру тых, каго Пан ставіць на вашым шляху. Няхай вашы сэрцы заўсёды будуць напоўнены надзеяй, любоўю і мірам, што сімвалізуе Юбілейная ікона, якая, прайшоўшы доўгі шлях, наведала мноства супольнасцей і зараз перададзена братам і сёстрам ва Украіне”, - пажадаў Святы Айцец.
 

14 лютага 2026, 12:15