Папа: мэта хрысціянскай фармацыі – жыццёвая еднасць з Хрыстом
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Хрысціянская фармацыя павінна весці вучня да жыццёвай еднасці з асобай Збаўцы, які жыве і дзейнічае ў ім”, - нагадаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што для дасягнення гэтага выніку выхавацелі павінны быць не проста “педагогамі”, якія перадаюць рэлігійныя веды, а “бацькамі”, што нараджаюць для веры.
“Наша місія больш высокая, таму мы не можам спыняцца на перадачы вучэння, прадпісанняў, этыкі, але пакліканы дзяліцца тым, чым жывём, з велікадушнасцю, шчырай любоўю да душ, гатоўнасцю пакутаваць за іншых, безумоўнай адданасцю, як бацькі, якія ахвяруюць сабой дзеля дабра сваіх дзяцей”, - сцвердзіў Святы Айцец, нагадаўшы словы апостала Паўла: “Дзеці мае, я зноў нараджаю вас у пакутах, пакуль вобраз Хрыста не сфармуецца ў вас” (Гал 4,19).
Пантыфік звярнуў увагу таксама на важнасць аб’яднання намаганняў у справе хрысціянскай фармацыі. “Нараджэнню веры садзейнічае не святар у адзіночку ці катэхет або харызматычны лідар, а Касцёл – адзіны, жывы Касцёл, які складаецца з сем’яў, моладзі, нежанатых, кансэкраваных асоб; Касцёл, які кіруецца любоўю і таму імкнецца быць плённым, перадаваць усім, і асабліва новым пакаленням, радасць і паўнату сэнсу, якім жыве і які спазнае. Бацькі хочуць даць жыццё дзецям не з патрэбы нешта мець, а з жадання дарыць, дзяліцца лішкам любові і радасці, якія іх напаўняюць. Менавіта ў гэтым і заключаецца сутнасць любой выхаваўчай працы”, - падкрэсліў Папа.
Святы Айцец пажадаў, каб хрысціянская фармацыя – нялёгкае мастацтва, у якім не імправізуюць – спрыяла адкрыццю каштоўнасці сакрамэнтаў у жыцці вернікаў; дапамагала ім жыць верай у асабістай і публічнай сферах, такіх як праца, адносіны і штодзённыя паводзіны; вучыла павазе да чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах; была ўважлівай да прадухілення злоўжыванняў і падтрымкі іх ахвяр.
