Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец выбраў тэму Сусветнага дня пажылых людзей

“Я не забуду пра цябе” (Іс 49,15) – так гучыць тэма, якую Леў XIV выбраў для VI Сусветнага дня бабуль, дзядуль і пажылых людзей, каб нагадаць, што нават калі кожны чалавек старэе, любоў Бога да яго не слабее ніколі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Выбраны радок з Кнігі прарока Ісаі пакліканы стаць пасланнем суцяшэння і надзеі для ўсіх бабуль, дзядуль і пажылых людзей, асабліва для тых, якія жывуць у самотнасці ці адчуваюць сябе забытымі. У той жа час ён з’яўляецца заклікам да сем’яў і касцельнай супольнасці не забываць пра іх, прызнаючы ў іх каштоўную прысутнасць і благаслаўленне”, - паведаміла Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей, устаноўлены Папам Францішкам у 2021 годзе, адзначаецца кожную чацвёртую нядзелю ліпеня і з’яўляецца нагодай, каб выказаць пажылым блізкасць Касцёла і адкрыць каштоўнасць іх укладу ў жыццё сем’яў і грамадства. Сёлета яго дата – 26 ліпеня – супадае з успамінам святых Яўхіма і Ганны, таму Пантыфік заклікае правесці ў гэты Дзень эўхарыстычную цэлебрацыю ў катэдральным касцёле кожнай дыяцэзіі.

Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця заклікае партыкулярныя Касцёлы, асацыяцыі і касцельныя супольнасці ва ўсім свеце знайсці спосабы, каб адзначыць Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей у іх мясцовым кантэксце, а для гэтага пазней прадаставіць некаторыя спецыяльныя душпастырскія інструменты.
 

10 лютага 2026, 12:05