Папа заклікаў да дыялогу паміж Кубай і ЗША
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, якая 1 лютага 2026 года прайшла на Плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Пантыфік звярнуўся з заклікам да міру і салідарнасці, закрануўшы шэраг актуальных міжнародных і гуманітарных праблем. Ён выказаў глыбокую заклапочанасць у сувязі з паведамленнямі пра рост напружанасці паміж Кубай і Злучанымі Штатамі Амерыкі, краінамі-суседкамі. Ён далучыўся да каталіцкіх біскупаў Кубы з заклікам да ўсіх адказных “садзейнічаць шчыраму і эфектыўнаму дыялогу, каб прадухіліць гвалт і не дапусціць дзеянняў, якія могуць пагоршыць пакуты дарагога кубінскага народа”. Папа таксама папрасіў заступніцтва Маці Божай Карыдад-дэль-Кобрэ за ўсіх жыхароў гэтай зямлі.
Пантыфік запэўніў у сваёй малітве за шматлікіх ахвяр абвалу ў шахце ў Паўночным Ківу (Дэмакратычная Рэспубліка Конга). “Няхай Пан падтрымае народ, які моцна пакутуе!” – сказаў ён. Асобна Папа заклікаў маліцца за памерлых і пацярпелых у выніку нядаўніх штармоў у Партугаліі і на поўдні Італіі, а таксама не забываць пра насельніцтва Мазамбіка, якое моцна пацярпела ад паводак.
Леў XIV нагадаў, што 1 лютага 2026 года ў Італіі адзначаецца Нацыянальны дзень памяці грамадзянскіх ахвяр войнаў і канфліктаў у свеце. Ён падкрэсліў, што гэтая ініцыятыва, на жаль, застаецца трагічна актуальнай, бо мірныя жыхары працягваюць штодня гінуць і атрымліваць раненні ў выніку ўзброеных дзеянняў, якія адкрыта парушаюць мараль і права. Сапраўднае ўшанаванне мёртвых і параненых магчымае толькі тады, калі скончыцца гэтая невыносная несправядлівасць, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік згадаў пра пачатак зімовых Алімпійскіх гульняў у Мілане і Карціне-д’Ампеца, пасля якіх адбудуцца і Паралімпійскія гульні. Ён выказаў найлепшыя пажаданні арганізатарам і ўсім спартсменам, адзначыўшы, што такія спартыўныя падзеі нясуць моцнае пасланне братэрства і аднаўляюць надзею на мірны свет. Ён нагадаў пра старажытны звычай алімпійскага перамір’я і выказаў надзею на тое, што тыя, хто клапоціцца пра мір паміж народамі і знаходзяцца ва ўладзе, скарыстаюцца гэтай нагодай для канкрэтных жэсты разрадкі напружанасці і дыялогу.
