Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: мір пачынаецца з павагі да чалавечай годнасці

“Сапраўдны мір пачынаецца з прызнання годнасці, якую Бог даў кожнаму чалавеку, і клопату пра яе”, - падкрэсліў Папа ў пасланні на XII Сусветны дзень малітвы і разважанняў супраць гандлю людзьмі, які будзе адзначацца 8 лютага 2026 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік звярнуў увагу на пагрозы для чалавечай годнасці ў сучасным свеце – імкненне забяспечыць мір з дапамогай зброі і разгляданне страты чалавечых жыццяў як “пабочнай шкоды”, ахвяраванай дзеля дасягнення палітычных або эканамічных інтарэсаў.

Па словах Святога Айца, такая самая логіка панавання і пагарды да чалавечага жыцця сілкуе таксама гандаль людзьмі. Ён нагадаў, што “геапалітычная нестабільнасць і ўзброеныя канфлікты ствараюць спрыяльную глебу для гандляроў людзьмі, якія выкарыстоўваюць найбольш уразлівых, у прыватнасці перамешчаных асобаў, мігрантаў і бежанцаў”. Папа заўважыў, што ў межах гэтай парадыгмы найбольш церпяць жанчыны і дзеці.

Пантыфік звярнуў увагу таксама на павелічэнне сацыяльнай няроўнасці, якая “прымушае многіх жыць у нестабільных умовах, робячы іх уразлівымі перад падманлівымі абяцаннямі вербоўшчыкаў”.

“Гэты феномен выклікае асаблівую занепакоенасць у кантэксце так званай “лічбавай няволі”, калі людзей зацягваюць у махлярскія схемы і злачынную дзейнасць, такую як інтэрнэт-ашуканствы і гандаль наркотыкамі. У такіх выпадках ахвяру прымушаюць узяць на сябе ролю злачынцы, што яшчэ больш паглыбляе яе духоўныя раны. Падобныя формы гвалту не з’яўляюцца ізаляванымі эпізодамі, але сімптомамі культуры, якая забылася любіць так, як любіць Хрыстус”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Перад абліччам гэтых сур’ёзных выклікаў Папа заклікаў звярнуцца да малітвы і роздуму. Ён заўважыў, што “малітва – гэта “маленькі агеньчык”, які мы павінны берагчы сярод буры, бо яна дае нам сілу супрацьстаяць абыякавасці да несправядлівасці”. Роздум, у сваю чаргу, “дазваляе нам выяўляць схаваныя механізмы эксплуатацыі ў нашых кварталах і ў лічбавых прасторах”.

“Гвалт, звязаны з гандлем людзьмі, можа быць пераадолены толькі праз абноўленае бачанне, якое ўспрымае кожнага чалавека як любімае дзіця Бога”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа падзякаваў усім, хто працягвае руку дапамогі ахвярам гандлю людзьмі, і выказаў пашану тым, хто выжыў і стаў абаронцам іншых ахвяр. “Няхай Пан благаславіць іх за мужнасць, вернасць і нястомную адданасць”, - напісаў Папа, заклікаўшы аб’яднаць намаганні, каб спрыяць міру, пазначанаму не толькі адсутнасцю вайны, але “беззбройнаму і раззбройваючаму, укаранёнаму ў поўнай павазе да годнасці ўсіх”.
 

06 лютага 2026, 15:11