Леў XIV падзякаваў супрацоўнікам Папскага дома за вернае служэнне
Марыя Валодзіна - Vatican News
1 лютага 2026 года ў Ватыкане адбылася аўдыенцыя для свецкіх супрацоўнікаў Папскага дома: джэнтыльменаў Яго Святасці, супрацоўнікаў антыкамеры і папскіх седыяраў. Святы Айцец выказаў ім удзячнасць за адданую штодзённую службу, цёпла прывітаўшы рэгента Прэфектуры Папскага дома мансеньёр Леанарда Сапіенцу і віцэ-рэгента айца-аўгустынца Эдварда Даніянга Даленга, якія каардынуюць іх служэнне.
Супрацоўнікі Папскага дома штодзённа дапамагаюць Святому Айцу ў яго ў апостальскай місіі і служаць на карысць усіх, з кім ён сустракаецца падчас афіцыйных дзяржаўных візітаў, аўдыенцый, урачыстасцяў і іншых падзей. Сутнасць іх працы можна сцісла абагульніць трыма дзеясловамі: падрыхтоўваць, прымаць, вітаць, - адзначыў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што якасць кожнай сустрэчы пачынаецца з дбайнай падрыхтоўкі і ўвагі да дэталяў. Прастора Папскага дома, багатая гісторыяй і мастацтвам, патрабуе ўважлівага і пакорлівага служэння. Асаблівае значэнне маюць жэсты прыёму і вітання – высакародныя, але не штучныя, элегантныя, але не празмерныя, здольныя перадаць шчырую ветлівасць і клопат кожнаму, незалежна ад яго статусу – ці то князь, ці пілігрым, патрыярх або пастулат.
Леў XIV адзначыў, што стрыманая прыгажосць папскага пратаколу павінна адлюстроўвацца ў кожным жэсце службовых асоб. Разважаючы пра гістарычную спадчыну тых, хто служыў раней, ён заклікаў сваіх супрацоўнікаў сведчыць гэтыя каштоўнасці паслядоўным жыццём, памятаючы, што ганаровая служба патрабуе перш за ўсё цвёрдай веры і духоўнага стылю, прасякнутага адданасцю Касцёлу і Папу.
Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец заахвоціў прысутных і далей рупліва выконваць свае абавязкі і пацвердзіў сваю ўдзячнасць, удзяліўшы апостальскае благаслаўленне іх сем’ям і блізкім.
