Пошук

Леў XIV прыняў кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы

Леў XIV прыняў на аўдыенцыі Вярхоўнага архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука, главу Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Сустрэча адбылася 12 лютага 2026 года ў Апостальскім палацы Ватыкана.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Архіепіскап Шаўчук падзякаваў Святому Айцу за салідарнасць і падтрымку Украіны, а таксама за дыпламатычныя намаганні Апостальскай Сталіцы на шляху да справядлівага і трывалага міру.

Адной з тэм аўдыенцыі было актуальнае жыццё Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і глабальнае вымярэнне яе служэння. Архіепіскап Шаўчук расказаў Папу пра некаторыя царкоўныя ініцыятывы, накіраваныя на супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ва Украіне і міжнароднай супольнасцю. Іерарх перадаў Пантыфіку спіс палонных, які атрымаў непасрэдна ад сем’яў палонных і зніклых без вестак.

Прадстаяцель Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы падзякаваў Папу за важную місію па ратаванні людскіх жыццяў, у якой Святы Пасад сістэматычна ўдзельнічае ад пачатку шырокамаштабнай вайны ва Украіне.

Архіепіскап Шаўчук зноў запрасіў Льва XIV наведаць Украіну і падарыў яму керамічную скульптуру пад назвай “Голуб міра ў час вайны”. Мастацкі твор уяўляе сабой пяшчотнага і крохкага голуба, параненага металам ад расійскай ракеты, якая была выпушчана па Харкаве. “Гэта рана выклікае вялікі боль у птушкі, але мы бачым, што ён не памерлы, але жывы. Гэты цудоўны сімвал параненай, але жывой Украіны”, - пракаментаваў сімвалічны дар грэка-каталіцкі іерарх.

На заканчэнне аўдыенцыі архіепіскап Шаўчук папрасіў Папу аб благаслаўленні для ўкраінскага народа. Пантыфік са свайго боку запэўніў у пастаяннай малітве і падтрымцы Украіны.
 

13 лютага 2026, 10:58