Пантыфік: улада павінна служыць народу, а не дамінаваць над ім
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы, якая прайшла 16 лютага 2026 года ў Ватыкане, Пантыфік звярнуў увагу на гістарычную блізкасць паміж роляй прэфекта і біскупскім служэннем. Ён прыгадаў, што ў познеантычную эпоху і грамадзяне Рыма, і вучні Хрыста былі арганізаваны ў дыяцэзіі, на чале якіх стаялі або прэфекты прэторыя, або біскупы – тыя, хто назірае за народам як добрыя пастыры.
"Такая гістарычная сувязь і сёння вызначае вашу місію, накіраваную на служэнне дзяржаве праз гарантаванне грамадскага парадку і бяспекі ўсіх грамадзян", - сказаў Папа.
Прэфекты як добрыя пастыры
Паводле Льва XIV, сучасны свет, апалены канфліктамі і міжнароднай напружанасцю, патрабуе асаблівай абароны агульнага дабра. Гэта паняцце не абмяжоўваецца матэрыяльнымі аспектамі, але датычыцца маральнай і духоўнай спадчыны Рэспублікі. Калі ў грамадскай прасторы існуе парадак, гэта ідзе на карысць перш за ўсё самым слабым: бедным, пажылым і моладзі.
Святы Айцец падкрэсліў, што грамадскі парадак – гэта не толькі барацьба са злачыннасцю, але і супрацьстаянне насіллю, хлусні і вульгарнасці, якія раняць грамадскі арганізм. Ён працытаваў святога Аўгустына, адзначыўшы, што тыя, хто кіруе, павінны быць слугамі тых, кім яны кіруюць, дзейнічаючы не з прагі дамінавання, а з абавязку клопату.
Улада як беражлівы клопат пра патрэбы кожнага чалавека
Звяртаючыся да этычнага вымярэння працы прэфектаў, Папа закрануў тэму новых тэхналогій, у тым ліку штучнага інтэлекту. Ён заклікаў выкарыстоўваць гэтыя інструменты ў дзяржаўным кіраванні на карысць усіх, а не для стварэння элітарнай прывілеі.
Пантыфік таксама падзякаваў прэфектам Італіі за плённае супрацоўніцтва з дыяцэзіяльнымі біскупамі, асабліва ў пытаннях прыёму мігрантаў і дапамогі патрабуючым.
На заканчэнне Леў XIV пажадаў сваім гасцям, каб іх аўтарытэт спрыяў паляпшэнню іміджу дзяржаўнай службы, робячы яе больш чалавечнай і чулай да патрэб грамадства.
