Парафія Узнясення Пана ў Квартычола (Рым) Парафія Узнясення Пана ў Квартычола (Рым) 

Святы Айцец наведае парафію на ўразлівай перыферыі Рыма

1 сакавіка 2026 года Леў XIV наведае рымскую парафію Узнясення Пана ў перыферыйным раёне Квартычола, які лічыцца адной з найбуйнейшых у горадзе пляцовак гандлю наркотыкамі. Ён сустрэнецца з супольнасцю, якой апякуюцца айцы-сэрцане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пастырскі візіт Святога Айца распачнецца у 16:00. Ля ўваходу ў касцёл яго будуць сустракаць кардынал Бальдасарэ Рэйна, Генеральны вікарый для Рымскай дыяцэзіі, і пробашч парафіі, ксёндз Даніэле Каналі.

У двары араторыя Пантыфік сустрэнецца з дзецьмі, моладдзю і іх сем’ямі. Затым у парафіяльнай зале яго будуць чакаць прадстаўнікі найбольш уразлівых груп мясцовай супольнасці: пажылыя, хворыя, бедныя, людзі з інваліднасцю, а таксама валанцёры, якія ім дапамагаюць. Сярод іх будуць таксама чатыры маці, чые дзеці адбываюць турэмнае заключэнне за наркотыкі. Па словах пробашча, гэтыя жанчыны – прыкметы надзеі: адна з іх працуе катэхісткай, а другая – валанцёрка “Caritas”.

Леў XIV сустрэнецца таксама з парафіяльнай пастырскай радай, пасля чаго ў 17:00 узначаліць святую Імшу. Для тых, хто не зможа трапіць у храм, будзе ўсталяваны вялікі экран звонку. Пасля набажэнства адбудзецца сустрэча Папы з святарамі з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якія апякуюцца супольнасцю.

“Гэта будзе ўжо трэці візіт Папы ў нашу парафію. 3 сакавіка 1963 года сюды прыязджаў святы Ян XXIII, а 3 сакавіка 1980 года – святы Ян Павел II. Цяпер надышла чарга Папы Льва XIV”, - падзяліўся ксёндз Каналі.

Пробашч адзначыў, што парафія рыхтуецца не толькі практычна, уладкоўваючы памяшканні, але, перш за ўсё, духоўна, праводзячы штотыднёвыя заняткі па Бібліі. Усім групам прапануюць паразважаць над постаццю святога Пятра.

26 лютага 2026, 15:03