Святы Айцец: здароўе – усеагульнае права, а не прывілей

“Нягледзячы на заявы і абяцанні, рэальнасць такая, што не ўсе жыцці шануюцца аднолькава, а здароўе не ўсюды абаронена і не ўсюды даступна”, - адзначыў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

16 лютага 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнай асамблеі Папскай акадэміі жыцця. Ён падкрэсліў, што тэма пасяджэння – “Здароўе для ўсіх. Устойлівасць і роўнасць” – мае асаблівую актуальнасць у наш неспакойны час.

“У свеце, разарваным канфліктамі, якія паглынаюць велізарныя эканамічныя, тэхналагічныя і арганізацыйныя рэсурсы для вытворчасці зброі і ваенных прылад, як ніколі важна прысвячаць час, сілы і кампетэнцыі ахове жыцця і здароўя”, - сказаў Папа.

Замах на жыццё і здароўе людзей

Пантыфік звярнуў увагу на няроўнасць у доступе да аховы здароўя, абумоўленую мноствам фактараў. “На жаль, сёння мы не можам ігнараваць войны, якія разбураюць грамадзянскія структуры, уключаючы шпіталі, і ўяўляюць сабой найбольш абсурдны замах, які чалавечая рука здзяйсняе супраць жыцця і здароўя людзей”, - падкрэсліў ён.

Не ўсе жыцці шануюцца аднолькава

“Часта кажуць, што жыццё і здароўе – гэта каштоўнасці, аднолькава важныя для ўсіх. Але гэта сцвярджэнне становіцца крывадушным, калі мы заплюшчваем вочы на структурныя карані і рашэнні, што выклікаюць няроўнасць. Нягледзячы на заявы і абяцанні, рэальнасць такая, што не ўсе жыцці шануюцца аднолькава, а здароўе не ўсюды абаронена і не ўсюды даступна”, - адзначыў Святы Айцец.

Міждысцыплінарны падыход і комплексная прафілактыка

Нагадваючы, што здароўе – гэта ўсеагульнае права, а не прывілей, Папа заклікаў да супрацоўніцтва паміж медыцынай, палітыкай, этыкай, менеджментам і іншымі сферамі, каб разумець і ўлічваць усе фактары, што ўплываюць на здароўе.

Пантыфік падкрэсліў важнасць не толькі лячэння хвароб, але таксама іх прафілактыкі, якая павінна браць пад увагу жыццёвыя ўмовы супольнасцей, што з’яўляюцца вынікам сацыяльнай і экалагічнай палітыкі, уплываючай на здароўе людзей.

“One health”

Святы Айцец згадаў пра канцэпцыю “One health”, якая прасоўваецца Сусветнай арганізацыяй здароўя, падкрэсліўшы, што яна патрабуе інтэграцыі аспектаў здароўя ў палітычныя рашэнні, якія закрануць транспарт, жыллё, сельскую гаспадарку, занятасць і адукацыю, з усведамленнем, што “здароўе будуецца на скрыжаванні ўсіх аспектаў грамадскага жыцця”.

Укараненне прынцыпу агульнага дабра

“Нам трэба ўмацаваць наша разуменне і практыку агульнага дабра, каб яно не занядбоўвалася пад ціскам вузкіх індывідуальных і нацыянальных інтарэсаў”, - дадаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што паняцце агульнага дабра павінна ўкараняцца ў міжчалавечых адносінах і сувязях паміж грамадзянамі. “Толькі так мы зможам распрацаваць больш эфектыўныя і ўстойлівыя сістэмы аховы здароўя, здольныя задаволіць медыцынскія патрэбы ў свеце з абмежаванымі рэсурсамі і аднавіць давер да медыцыны і работнікаў сферы аховы здароўя, нягледзячы на дэзынфармацыю і скептыцызм адносна навукі”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.
 

16 лютага 2026, 11:50