Лекі і абагравальнікі: гуманітарны груз Папы для Украіны
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, некалькі ўкраінскіх біскупаў звярнуліся да Папы з просьбай аб дапамозе насельніцтву пасля нядаўніх бамбардзіровак, асабліва ў рэгіёне Запарожжа. У адказ на просьбу апостальская элемазінарыя некалькі дзён таму адправіла ва Украіну грузавік з лекамі першай неабходнасці. Кошт грузу перавышае 1 мільён еўра. Дапамога стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву з Фондам Banco Farmaceutico ETS.
Людзям падчас вайны патрэбныя не толькі лекі, але і іншая дапамога, асабліва з улікам халоднай украінскай зімы. Ардынарый Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі, біскуп Павел Ганчарук звярнуўся з заклікам дапамагчы звыш 800 сем’ям (цэламу кварталу), якія засталіся без ацяплення пасля ваенных удараў па энергетычнай інфраструктуры. Рэйды наняслі пашкоджанні, якія немагчыма хутка аднавіць. Біскуп звярнуўся да кардынала Конрада Краеўскага з просьбай дапамагчы закупіць прыборы для абагрэву дамоў.
Раніцай 24 лютага ў Запарожжа прыбылі лекі і сотні алейных электрарадыятараў, набытых у Італіі. Усяго дастаўлена больш за 1 000 радыятараў, якія дапамогуць абагрэць сем’і ў цяжкім становішчы. Некаторыя з іх вымушаныя шукаць часовы прытулак або знаходзіцца ў сховішчах, якія ацяпляюцца генератарамі. Нягледзячы на лагістычныя цяжкасці, гуманітарную дапамогу хутка размеркуюць у раёнах, пацярпелых ад бамбардзіровак, - паведамілі ў апостальскай элемазінарыі.
