Пошук

Кветкі і свечкі ў памяць пра ахвяр трагедыі ў Кран-Мантане Кветкі і свечкі ў памяць пра ахвяр трагедыі ў Кран-Мантане 

Пантыфік выказаў блізкасць сем’ям ахвяр трагедыі ў Кран-Мантане

Радасць, якую вы перажылі разам з блізкімі, не страчана назаўсёды, - напісаў Папа ў пасланні да сем’яў ахвяр пажару ў швейцарскім Кран-Мантане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

1 лютага 2026 года ў кафедральным саборы Сьёна (Швейцарыя) адбылася малітоўная чуванне ў памяць ахвяр трагічнага пажару ў Кран-Мантане, які забраў жыцці 41 чалавека і пакінуў больш за 110 параненых. Леў XIV даслаў пацярпелым і іх сем'ям спецыяльнае пасланне.

Папа выказаў сваю блізкасць да тых, хто страціў родных або працягвае несці цяжар наступстваў трагедыі, і запэўніў у малітоўнай падтрымцы з боку ўсяго Касцёла. Пантыфік спадзяецца, што сем'і знойдуць сярод сваіх святароў і хрысціянскіх супольнасцяў братэрскую і духоўную дапамогу, каб пераадолець боль і захаваць мужнасць.

У гэтыя цяжкія гадзіны, калі душы прасякнуты болем і пачуццём пакінутасці, Святы Айцец даручыў пацярпелых і іх блізкіх Маці Божай, якая сама шмат пакутавала. Яна запрашае паглядзець на крыж, на якім ахвяраваў сваё жыццё Езус. Пан разумее боль людзей, бо сам прайшоў праз пакуты. Але пасля пакут прыйшло Уваскрасенне. Езус сапраўды ўваскрос – Касцёл абвяшчае гэта з упэўненасцю, на якой заснавана вялікая надзея – надзея на сустрэчу з памерлымі і на вяртанне радасці ў сэрцы жывых, - напісаў Леў XIV.

“Будзьце абсалютна ўпэўненыя, што, як кажа святы Павел, ні смерць, ні жыццё, ні цяперашняе, ні будучае, ні выпрабаванні, ні расстанне, ні пакуты — нічога не зможа адлучыць вас і вашых блізкіх ад любові Божай у Хрысце. І нішто з таго прыгожага і шчаслівага, што вы перажылі разам, не знікла і не прапала назаўсёды. Нічога не скончылася!” – запэўніў Святы Айцец, даручаючы пацярпелых апецы Багародзіцы Балеснай, здольнай даць сілу і мужнасць, каб не здавацца і ісці далей.

01 лютага 2026, 20:18