Надмагільны помнік Урбану VIII. Джан Ларэнца Берніні Надмагільны помнік Урбану VIII. Джан Ларэнца Берніні 

Берніні і Барберыні: выстава да юбілею Базілікі Святога Пятра

У рымскім Палацы Барберыні адкрылася выстава, прымеркаваная да 400-годдзя кансэкрацыі новай Базілікі Святога Пятра, якое будзе адзначацца ў лістападзе 2026 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Выстава пад назвай “Берніні і Барберыні” будзе праходзіць з 12 лютага па 14 чэрвеня 2026 года. Яна прысвечана дзвюм выбітным постацям XVII стагоддзя, якія адыгралі ключавую ролю ў фарміраванні мастацкага і духоўнага аблічча барочнага Рыма: скульптару Джан Ларэнца Берніні і яго галоўнаму заказчыку Мафэа Барберыні, які ў 1623 годзе стаў Папам Урбанам VIII.

Экспазіцыя, падзеленая на шэсць тэматычных раздзелаў, праводзіць наведвальнікаў ад ранніх этапаў творчасці Берніні да перыяду яго мастацкай сталасці. Яна дае магчымасць пазнаёміцца з карцінамі, скульптурамі, малюнкамі, гравюрамі і мадэлямі, якія ўзніклі ў выніку супрацоўніцтва паміж мастаком і Пантыфікам.

Выстава была арганізавана ў супрацоўніцтве з ватыканскай Фабрыкай святога Пятра. Творы са сваіх калекцый для яе прадставілі шматлікія музеі, у тым ліку Лонданская нацыянальная галерэя і Музей Вікторыі і Альберта, мадрыдскі Музей Тысена-Борнэмісы, а таксама Музей Геці ў Лос-Анджэлесе.

Дзякуючы супрацоўніцтву Берніні і Барберыні Базіліка Святога Пятра набыла адзін з самых урачыстых элементаў свайго інтэр’еру – грандыёзны бронзавы балдахін над папскім алтаром, створаны ў 1624-1633 гадах. Манументальная канструкцыя вышынёй амаль 30 метраў стала адным з самых яскравых помнікаў мастацтва барока.

Акрамя балдахіна, супрацоўніцтва Берніні і Урбана VIII ахапіла шэраг іншых праектаў, што сфармавалі аблічча барочнага Рыма. Сярод іх – удзел Берніні ў будаўніцтве Палаца Барберыні, галоўнай рэзідэнцыі роду, з якога паходзіў Пантыфік, а таксама стварэнне велічнай грабніцы Урбана VIII у Базіліцы Святога Пятра.
 

12 лютага 2026, 10:42