Святы Айцец сустрэўся з міжрэлігійнай дэлегацыяй з Баку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча, якая адбылася 9 лютага 2026 года, стала яскравым сведчаннем глыбокага і інтэнсіўнага дыялогу паміж Баку і Святым Пасадам. Дэлегацыю ўзначаліў шэйх Алахшукюр Пашазадэ, якога суправаджалі прадстаўнікі каталіцкай, праваслаўнай і юдэйскай супольнасцей краіны. Гэты сумесны візіт Леў XIV назваў прыкладам братэрства і мірнага суіснавання розных рэлігій.
2027 год стане знакавым для двухбаковых адносін. У гэты час будуць адзначацца 35-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін і 25-я гадавіна гістарычнага візіту святога Яна Паўла II у Азербайджан, які даў штуршок будаўніцтву першага каталіцкага касцёла ў Баку.
Важным момантам стала афіцыйнае запрашэнне Пантыфіка наведаць Азербайджан у 2027 годзе. Гэтае падарожжа можа быць прымеркавана да завяршэння будаўніцтва другога каталіцкага храма ў сталіцы краіны, што яшчэ больш умацуе пазіцыі мясцовага Касцёла.
Шэйх Пашазадэ падзякаваў Святому Айцу за яго падтрымку мірнага працэсу паміж Арменіяй і Азербайджанам. Пантыфік у сваю чаргу адзначыў, што нават самыя глыбокія падзелы можна вылечыць праз канкрэтныя дзеянні і жаданне пачуць адзін аднаго.
