Леў XIV падчас размовы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа. Ілюстрацыйнае фота Леў XIV падчас размовы з журналістамі ў Кастэль-Гандольфа. Ілюстрацыйнае фота 

Папа ў Кастэль-Гандольфа: шукайце дыялогу, а не насілля

Падчас кароткай сустрэчы з журналістамі ў Кастэль Гандольфа Папа Леў XIV заклікаў да малітвы за мір і рашучай барацьбы з любымі праявамі антысемітызму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

27 студзеня 2026 года вечарам, выходзячы з Вілы Барберыні, сваёй рэзідэнцыі ў Кастэль-Гандольфа, Леў XIV спыніўся, каб адказаць на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Пантыфік, які праводзіў там свой звычайны дзень адпачынку і працы, быў відавочна занепакоены напружанай сітуацыяй на Блізкім Усходзе. “Я кажу толькі тое, што трэба шмат маліцца за мір”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Адказваючы на пытанне пра прысутнасць амерыканскіх ваенных караблёў у водах рэгіёна, Папа звярнуўся да кожнага чалавека. Паводле слоў Льва XIV, нават тыя, каго лічаць “малымі” ў маштабах сусветнай палітыкі, маюць права і сілу ўзняць свой голас. Ён заклікаў заўсёды шукаць дыялогу, а не насілля для вырашэння праблем. Гэты заклік прагучаў асабліва сімвалічна ў Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.

Пантыфік звярнуў увагу на неабходнасць захавання гістарычнай памяці як засцярогі ад новых трагедый. Успомніўшы пра жахі Шоа, Леў XIV паўтарыў свой заклік, які раней апублікаваў у сацыяльнай сетцы “X”, змагацца супраць усіх форм антысемітызму.
 

28 студзеня 2026, 09:36