Пошук

Старонкі студзеньскага нумара часопіса “Piazza San Pietro” Старонкі студзеньскага нумара часопіса “Piazza San Pietro” 

Вернасць у малых рэчах: адказ Папы на роспач катэхеткі

Студзеньскі нумар часопіса “Piazza San Pietro” прысвечаны глабальнаму закліку да міру і глыбокаму роздуму Льва XIV аб сутнасці прыналежнасці да каталіцкай супольнасці ў Еўропе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новае выданне часопіса, якім кіруе айцец Энца Фартуната, адкрываецца маштабнай тэмай міру, якая сёння з’яўляецца неадкладнай неабходнасцю для ўсяго чалавецтва.

На старонках выдання генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш называе мір галоўным імператывам нашага часу, а пісьменнік Джанрыка Карафільё разважае над тым, як сучасны крызіс можа стаць крыніцай адказнасці і новага выбару.

Гэты нумар таксама падводзіць вынікі Юбілею надзеі, называючы яго годам ласкі, які перамяніў аблічча Касцёла.

Быць жывым членам Цела Хрыста, а не пасіўным спажыўцом сакральнага

Асаблівую эмпатыю выклікае ліставанне Льва XIV з Нунцыяй, катэхеткай з маленькага швейцарскага мястэчка Лаўфэнбург. Жанчына, якая дзесяць гадоў рыхтуе дзяцей да Першай Камуніі і Канфірмацыі, падзялілася сваім болем: бацькі і дзеці часта аддаюць перавагу спорту і забавам, а не Богу. Яна параўноўвае сваю працу з сейбітам, чые парасткі з цяжкасцю прабіваюцца праз сухую глебу абыякавасці.

Папа у сваім адказе, апублікаваным у выданні, падкрэсліў, што сітуацыя ў Швейцарыі адлюстроўвае стан многіх краін з даўняй хрысціянскай традыцыяй. Паводле Пантыфіка, галоўная праблема заключаецца не ў колькасці вернікаў у лаўках базілік, а ў адсутнасці свядомасці таго, што кожны з’яўляецца жывым членам Цела Хрыста. Хрысціянства не павінна быць простай звычкай або “спажываннем” сакрамэнтаў.

Вера – гэта не статыстыка, а сустрэча з Хрыстом, чыё Сэрца заўсёды адкрыта

Святы Айцец заклікаў катэхетку і ўсіх вернікаў да пастаяннага навяртання, якое трэба шукаць разам. Леў XIV нагадаў, што гадзіны, аддадзеныя катэхезе, ніколі не бываюць марнымі, нават калі вучняў зусім мала.

Спасылаючыся на спадчыну Паўла VI, ён адзначыў, што адзіны шлях наперад – гэта сведчанне радасці Евангелля і Уваскрасення, здольнае ажывіць любую засушлівую глебу.
 

14 студзеня 2026, 09:04