Ватыкан: новая мазаіка Маці Божай і статуя святой Ружы Лімскай

31 студзеня 2026 года ў Ватыканскіх садах прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця мазаікі, прысвечанай Найсвяцейшай Панне Марыі, і статуі святой Ружы Лімскай. Выявы благаславіў Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Творы былі выкананы перуанскай супольнасцю “Сям’я рамеснікаў святога Яна Боска” па замове Канферэнцыі біскупаў Перу. Мазаіка адлюстроўвае тытулы, пад якімі Маці Божая ўшаноўваецца ў гэтай краіне. Статуя святой Ружы Лімскай створана маладым перуанскім скульптарам Эдвінам Маралесам з белага мясцовага траверціна.

Ва ўрачыстасці ў Ватыканскіх садах прынялі ўдзел перуанскія біскупы, якія знаходзяцца ў Рыме з візітам ad limina, а таксама пасол Перу пры Святым Пасадзе Хорхе Фернанда Понсэ Сан Раман і старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан сястра Рафаэла Петрыні.

Звяртаючыся да прысутных, Папа адзначыў, што гэтая падзея ўмацоўвае глыбокія сувязі веры і сяброўства паміж Перу – дарагой яму краінай, – і Апостальскай Сталіцай. Ён выказаў падзяку мастакам і ўсім, хто спрыяў гэтай доўгачаканай падзеі.

Папа падкрэсліў, што постаці Найсвяцейшай Панны Марыі і святой Ружы Лімскай, першай лацінаамерыканскай святой, нагадваюць вернікам пра святасць і пакліканне кожнага хрысціяніна да паўнаты духоўнага жыцця. Ён працытаваў вучэнне Другога Ватыканскага Сабору аб пакліканні ўсіх вернікаў да дасканаласці любові і служэння Богу і бліжнім. (Lumen gentium, 40).

Святы Айцец заклікаў прысутных быць сведчаннем і прыкладам святасці ў сучасным свеце, даверыў іх заступніцтву Панны Марыі і ўсіх святых на шляху да Нябеснай Айчыны і ад усяго сэрца благаславіў іх.
 

31 студзеня 2026, 14:20