Нечаканы візіт: Пантыфік паабедаў з біскупамі Перу
Марыя Валодзіна - Vatican News
У сустрэчы ўдзельнічалі 46 біскупаў, якія з 26 па 31 студзеня наведваюць Рым з традыцыйным візітам ad limina apostolorum. Праграма візіту ўключае пілігрымку да магіл апосталаў, аўдыенцыю Святога Айца і наведванне ватыканскіх устаноў. Падзея мае асаблівае значэнне, бо айцец Роберт Фрэнсіс Прэвост больш за 20 гадоў служыў місіянерам у Перу і быў біскупам дыяцэзіі Чыклаё.
Малітва за Перу і адзінства Касцёла
Старшыня перуанскага епіскапату, біскуп Карлас Гарсія Камадэр адзначыў, што дэлегацыя моліцца за мір і будучыню Перу, каб візіт умацаваў іх у веры і падрыхтаваў да лепшага служэння. “Мы молімся, каб нашы будучыя лідары былі добрымі людзьмі, якія служаць нацыі, імкнуцца да агульнага дабра і, перш за ўсё, імкнуцца яднаць і дадаваць, а не адымаць і дзяліць”, - заўважыў ён.
Падарункі для Папы: мазаіка Багародзіцы і абраз святой Ружы Лімскай
Падчас сустрэчы перуанскія біскупы падарылі Папу мазаіку з выявай Найсвяцейшай Панны Марыі і абраз святой Ружы з Лімы. Іх плануюць асвяціць і ўсталяваць у Ватыканскіх садах у суботу, 31 студзеня. У цырымоніі прыме ўдзел Леў XIV.
